3 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстаўку работ Марка Шагала з фондаў Ватыкана плануецца арганізаваць у Віцебску. З такой ініцыятывай выступіў апостальскі нунцый у Беларусі архіепіскап Клаўдзіа Гуджэроці, які сёння сустрэўся з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Работы гэтага сусветна вядомага майстра захоўваюцца як у Ватыкане, так і ў Германіі, Францыі. Мы з задавальненнем арганізуем такую выставу", - сказаў архіепіскап. Клаўдзіа Гуджэроці падкрэсліў, што адной з найважнейшых мэт яго паездкі з'яўляецца выказванне даніны павагі беларускай культуры ў выглядзе ўшанавання памяці ўраджэнца Віцебска, сусветна вядомага мастака Марка Шагала. "Ад імя Папы я хацеў бы ўскласці кветкі да яго помніка і наведаць Дом-музей, каб падкрэсліць, што на працягу многіх стагоддзяў беларуская зямля была гасціннай для розных культур і народаў", - сказаў прадстаўнік Ватыкана. Ініцыятыва архіепіскапа знайшла актыўную падтрымку з боку намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Церанцьева. "Гэта цудоўная прапанова. Мы з задавальненнем рэалізуем гэты праект", - сказаў Уладзімір Церанцьеў. Старт урачыстасцям у гонар 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала ў Віцебску дала сёння IV Нацыянальная выстава інсітнага мастацтва Insita-2012. Сярод мноства падзей, прымеркаваных да юбілею, галоўнымі будуць XXII Шагалаўскія чытанні і непасрэдна дзень нараджэння Шагала, які ў Віцебску будуць адзначаць 7 і 8 ліпеня. Запланавана таксама правядзенне двух пленэраў, юбілейнай экспазіцыі ў Трецякоўскай галерэі і навуковай канферэнцыі ў Эрмітажы.-0-

БЕЛТА