Новая традыцыя ў гісторыі суверэннай краіны – Дзень народнага адзінства. Беларусь сёлета ўжо трэці раз адзначыла гэтае новае дзяржаўнае свята, якое, тым не менш, сваімі каранямі сыходзіць у першую палову XX стагоддзя, калі краіна і народ на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў былі падзелены напалам.

Хай і не пад сучаснай назвай, але свята было ўрачыста адзначана ў Беларусі ўжо праз год пасля ўз'яднання – 17 верасня 1940 года – як Дзень вызвалення працаўнікоў Заходняй Беларусі ад панскага прыгнёту. І пасля Вялікай Айчыннай вайны жыхары Беларусі не забылі пра памятную дату і, тым больш, пра перажытыя пакуты. Аднак новыя гістарычныя рэаліі прывялі да таго, што свята паступова сышло, каб не абвастраць абстаноўку і савецка-польскія адносіны. Але радасная для беларусаў дата 17 верасня працягвала жыць у назвах вуліц, сельгаспрадпрыемстваў, людской памяці.

Цэнтральнай падзеяй Дня народнага адзінства стаў патрыятычны форум "Мы - беларусы!", які адбыўся на пляцоўцы "Мінск-Арэны". На мерапрыемства прыбылі шматлікія дэлегацыі ад усіх абласцей і Мінска. Сярод іх моладзь, спартсмены, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, СМІ. На форуме таксама прысутнічалі кіраўнікі дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў.

Сюжэт быў пабудаваны на апавяданні пра сучасную Беларусь – яе традыцыі, дасягненні і будучыню. З прамовай на свяце выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшыся да суайчыннікаў у прамым эфіры:

Дарагія суайчыннікі!

Сёння 17 верасня – Дзень народнага адзінства. Нашага адзінства, адзінства беларускага народа, сімвалам якога стаў 1939 год – год уз'яднання беларускіх зямель у межах адзінай дзяржавы.

Само час, час глабальнага перадзелу свету, вярнуў гэту дату ў наш каляндар дзяржаўных святаў.

Чым больш мы бачым, як руйнуюцца сучасныя дзяржавы, як народы губляюць радзіму, дом, традыцыі, – тым больш пільна ўглядаемся ў гісторыю роднай зямлі. Зямлі, якая тысячы гадоў таму сустрэла нашых старажытных продкаў суровым кліматам, навучыла трымацца разам, каб выжыць і стаць гаспадаром у сваім доме.