15 лістапада, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Выступленні кандыдатаў у прэзідэнты прагучаць у тэле- і радыёэфіры з 22 лістапада па 3 снежня. Пра гэта паведаміла сёння старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на сустрэчы з міжнароднымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Лідзіі Ярмошынай, пасля рэгістрацыі кандыдатаў адбудзецца жараб'ёўка, падчас якой будзе вызначаны час выступлення кожнага з кандыдатаў. Старшыня ЦВК падкрэсліла, што падчас цяперашняй выбарчай кампаніі Нацыянальная тэлерадыёкампанія змагла прадаставіць кандыдатам лепшы эфірны час. Так, іх выступленні ў тэлеэфіры будуць паказаны з 19.00 да 20.00 у працоўныя дні - менавіта тады, калі большасць выбаршчыкаў, вярнуўшыся дадому пасля працы, уключаюць тэлевізар. У радыёэфіры кандыдаты выступяць з 6.00 да 7.10 - у той перыяд, калі большасць людзей слухаюць радыё дома на кухні да сыходу на працу. Лідзія Ярмошына лічыць, што выбраныя ў гэты раз прамежкі часу больш прывабныя ў параўнанні з 2006 годам, калі кандыдаты выступалі з 8.00 да 9.00 па радыё і з 18.00 да 19.00 у тэлеэфіры. Старшыня ЦВК нагадала, што сёлета ў Беларусі ўпершыню прадугледжана магчымасць удзелу кандыдатаў у тэледэбатах. Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА аб магчымым змяненні фармату тэледэбатаў і іх правядзенні ў прамым эфіры, а не ў запісе, як планавалася, Лідзія Ярмошына сказала, што гэтае пытанне зараз абмяркоўваецца з прадстаўнікамі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, і да 26 лістапада (апошні тэрмін падачы заяў кандыдатамі на ўдзел у тэледэбатах) "усе арганізацыйныя пытанні будуць вырашаны". -0-

БЕЛТА