20 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выхад на адзіны курс беларускага рубля дазваляе знізіць інфляцыйныя чаканні і павысіць дзелавую актыўнасць. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала загадчыца кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, доктар эканамічных навук Галіна Яшава. Эканоміка краіны мае патрэбу ў рынкавым курсаўтварэнні, упэўнена яна. Адзіны курс беларускага рубля дае магчымасць стабілізаваць валютны рынак ва ўмовах празрыстага прававога поля. Безумоўна, значную выгаду атрымаюць экспарцёры, якія будуць мець магчымасць працаваць з адзіным курсам як пры абавязковым, так і пры добраахвотным продажы валютнай выручкі, а таксама выкарыстання яе для вытворчых мэт. Выхад на адзіны курс змогуць адчуць і радавыя грамадзяне, бо гэта павінна пацягнуць стабілізацыю цэн, а ў перспектыве не выключаецца магчымасць іх зніжэння па асобных пазіцыях. Беларусь ва ўмовах адзінага курса мае магчымасць павысіць інвестыцыйную прывабнасць, накіроўваць знешнія рэсурсы на мадэрнізацыю эканомікі, на пашырэнне экспартнага патэнцыялу, закладваючы такім чынам асновы для стратэгічнага развіцця краіны. Пры гэтым неабходна адзначыць, што праца ва ўмовах адзінага курса нацыянальнай валюты ўхіляе глебу для ценявога валютнага рынку і шэрых схем, што дае магчымасць пазбегнуць валютных страт экспарцёрам і іншых негатыўных наступстваў множнасці курсаў, уключаючы рост інфляцыі і зніжэнне актыўнасці суб'ектаў эканамічнай дзейнасці. Разам з тым канцэпцыя грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі на найбліжэйшую перспектыву павінна ўлічваць ужо назапачаны вопыт дэвальвацыі і валютнага рэгулявання ў Беларусі. Неабходна рэгуляваць курс такім чынам, каб утрымліваць суадносіны паміж тэмпамі інфляцыі і дэвальвацыі, лічыць Галіна Яшава.-0-

БЕЛТА