15 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выхад на адзіны курс валют стварае перадумовы для актывізацыі інвестыцыйнага працэсу, у тым ліку з удзелам унутраных інвестараў. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва і трансферу тэхналогій ТАА "Віцебскі бізнес-цэнтр" Леанід Шур. Магчымасць свабодна набыць валюту ацэняць як суб'екты гаспадарання, так і простыя грамадзяне. Больш таго, прагназуючы павышэнне інвестыцыйнай актыўнасці, Леанід Шур упэўнены, што гаворку перш за ўсё неабходна весці аб унутраных інвестарах, да якіх можа аднесці сябе кожны чалавек, які мае свабодныя сродкі, няхай нават невялікія. "У рэшце рэшт не адзіны курс вызначае наша жыццё, яго фарміруем і напаўняем адпаведным зместам мы самі", - падкрэсліў кіраўнік Віцебскага бізнес-цэнтра. Абвяшчэнне 2011-га Годам прадпрымальнасці зусім не азначае, што кожны павінен стаць прадпрымальнікам, але мы павінны праяўляць ініцыятыву і рэалізоўваць адкрытыя магчымасці, разлічваючы на свае сілы, лічыць Леанід Шур. Для гэтага неабходна інвеставаць у сябе - у адукацыю, у здароўе, несці грошы не толькі ў банкі, але і па магчымасці ўкладаць у новыя бізнэсы. Вядома, для гэтага трэба вывучаць рынак, шукаць або ствараць новыя патрэбы, займацца інавацыямі, але гэта і ёсць прадпрымальнасць, якая дазваляе нават са складанай сітуацыі выходзіць пераможцам. "Выхад на адзіны курс стаў своеасаблівай рысай, пасля якой мы павінны для сябе ўсвядоміць, што толькі актыўная жыццёвая пазіцыя дазваляе рабіць жыццё лепш вакол сябе і ў цэлым у краіне", - рэзюмаваў Леанід Шур.-0-

БЕЛТА