16 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выхад на адзіны курс валют стымулюе вытворцаў развіваць экспарт. Такое меркаванне выказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Тэхналіт-Полацк" Леанід Пятроў.
Ён лічыць, што ў цяперашніх умовах моцна стаяць на нагах будзе толькі тое прадпрыемства, якое сур'ёзна займаецца экспартнай палітыкай. У адваротным выпадку яго "з'ядуць" іншыя вытворцы-канкурэнты. "У сваю чаргу, каб экспартаваць прадукцыю, неабходна таксама шчыльна займацца пастаяннай працай над павышэннем яе якасці, канкурэнтаздольнасці. У выніку ланцужок з гэтых складнікаў стане штуршком да развіцця эканомікі краіны ў цэлым", - падкрэсліў Леанід Пятроў.
У пацвярджэнне сваіх слоў дырэктар прывёў працу полацкага прадпрыемства. Так, да канца года "Тэхналіт-Полацк" павінна вырабіць для Смаленскай вобласці помнік Героям вайны 1812 года коштам 1 млн еўра. Фінансаванне праекта вядзецца са сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы. Актыўна развіваюцца кантакты завода і з іншымі замежнымі партнёрамі, вядуцца пошукі новых.
Складзеная сітуацыя прымусіць працаваць усіх, бо валютныя паступленні неабходныя кожнаму сур'ёзнаму вытворцу, перакананы кіраўнік. Напрыклад, "Тэхналіт-Полацк" выконвае ў цяперашні час буйны заказ на выраб аўтаматызаваных даільных залаў, для вытворчасці якіх неабходныя імпартныя камплектуючыя. "Лепшы варыянт для іх набыцця - купіць за ўласную валюту прадпрыемства, а для гэтага яе перш трэба зарабіць", - канстатаваў дырэктар.
За студзень-жнівень прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br20 млрд, або 170% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Экспарт за гэты перыяд узрос на 12% да $1 млн, па выніках года рост экспарту чакаецца на ўзроўні 150%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 10,3%. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі Br841 млн.
Прадпрыемства заснавана ў 1927 годзе. Спецыялізуецца на вырабе вырабаў з шэрага чыгуну і прадукцыі металаапрацоўкі, аўтаматызаваных даільных залаў. Сярэднеспісачная колькасць працаўнікоў - каля 390 чалавек.-0-
БЕЛТА
Выхад на адзіны курс валют стымулюе вытворцаў развіваць экспарт
16.9.20110 праглядаў