31 жніўня, Гарадзея /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч лічыць магчымым выхад на адзіны збалансаваны абменны курс беларускага рубля на працягу 1-2 месяцаў. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. На думку кіраўніка ўрада, для выхаду на адзіны збалансаваны абменны курс беларускага рубля спатрэбіцца, па аптымістычных падліках, месяц, з доляй песімізму - два месяцы. "Мы зблізім курс афіцыйны і курс, які дыктуецца на дадатковай сесіі валютнай біржы", - адзначыў ён. Міхаіл Мясніковіч дадаў, што неабходна будзе акуратна распарадзіцца і тымі валютнымі сродкамі, якія ёсць у беларускіх прадпрыемстваў. "Сёння на іх дэпазітах знаходзіцца $2,8 млрд., - канстатаваў прэм'ер-міністр. - Акрамя гэтага, $3,5 млрд. ляжыць ва ўкладах насельніцтва". Па словах Міхаіла Мясніковіча, на руках у насельніцтва сёння знаходзяцца дастаткова вялікія аб'ёмы валюты. "Пры адпаведным абменным курсе мы проста ўпэўнены, што насельніцтва будзе вырашаць пытанні рэканверсіі - гэта значыць пераводу валюты ў беларускія рублі, - упэўнены прэм'ер-міністр. - Насельніцтва ў нас пісьменнае, яно будзе бачыць, калі ўзрастае даходнасць абменных аперацый, думаю, што продаж насельніцтвам валюты будзе актывізаваны". Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што насельніцтва і сёння прадае валюту ў дастатковым аб'ёме - $150-210 млн. у месяц. "Практычна столькі ж купляецца, за выключэннем невялікай сумы, якая накіроўваецца банкамі на пагашэнне замежных крэдытных ліній, прыцягнутых раней", - растлумачыў кіраўнік урада.-0-

БЕЛТА