15 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Канкрэтны вынік ад імпартазамяшчэння неабходна разглядаць праз паказчык сальда знешняга гандлю. Задача №1 тут - выйсці на ўстойлівае перавышэнне экспарту над імпартам. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на пастаянна дзеючым семінары кіруючых работнікаў, гэта пытанне не толькі эканамічнае, але і нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністры і губернатары кожны асобна сёння могуць даваць справаздачу аб значным росце экспарту і скарачэнні імпарту. Але калі складзеш усё ў агульную скарбонку, у цэлым па краіне атрымліваецца адмоўнае сальда. Такога больш быць не павінна, - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. - Мы дамовіліся яшчэ ў пачатку года: міністры адказваюць за ўсю галіну, генерал-губернатар - за ўсю тэрыторыю".
Прэзідэнт сказаў, што сёння хацеў бы пачуць адказы і прапановы па наступных пытаннях: чаму экспартуюцца тавары з нізкай ступенню перапрацоўкі, а імпартуюцца - з глыбокай, часам з таго ж сыравіны, як арганізавана праца па імпартазамяшчэнні, чаму ў мінулай пяцігодцы не атрымана чаканых вынікаў ад Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту?
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі пакуль не навучыліся належным чынам прадаваць сваю прадукцыю. Усю мінулую пяцігодку назіралася ўстойлівае зніжэнне долі экспарту ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што на семінары недапушчальныя самасправаздачы. Неабходны свайго роду мазгавы штурм, каб пасля двух дзён працы кожны меў дакладны план, што і як рабіць на сваім участку працы, як мабілізаваць на вырашэнне складаных задач падначаленых.-0-
БЕЛТА
Выхад на ўстойлівае перавышэнне экспарту над імпартам А. Лукашэнка называе пытаннем нацыянальнай бяспекі
15.12.20110 праглядаў