Гэтай вясной ратавальнікам давялося сутыкнуцца з вялікай колькасцю пажараў, прычынай якіх стала выпальванне сухой расліннасці.

Гэтай вясной ратавальнікам давялося сутыкнуцца з вялікай колькасцю пажараў, прычынай якіх стала выпальванне сухой расліннасці. Наводзячы парадак на ўласных падворках, прысядзібных ці дачных участках, людзі не задумваюцца над тым, да якіх наступстваў могуць прывесці такія дзеянні. Многія, асабліва пенсіянеры, не разлічваюць свае сілы і збольшага не могуць справіцца з агнём, які выходзіць з-пад кантролю. Захопленыя вясновымі клопатамі, гаспадары занадта позна заўважаюць, што полымя, падхопленае ветрам, перакінулася на бліжэйшыя тэрыторыі і пабудовы. Справіцца з такім агнём без дапамогі ратавальнікаў ужо немагчыма.

Усяго сёлета ў рэспубліцы зарэгістравана 4425 выпадкаў загарання сухой расліннасці, у выніку якіх загінула 13 чалавек, траўмавана 15 чалавек, знішчана 22 жылыя дамы, 19 дачных дамоў, 218 гаспадарчых пабудоў, агнём пашкоджана 80 жылых дамоў, 22 дачныя дамы, 128 гаспадарчых пабудоў.

У сакавіку-красавіку на тэрыторыі нашай вобласці зарэгістравана 539 загаранняў сухой расліннасці, адбылося 20 пажараў ад выпальвання сухой травы, развядзення вогнішчаў і спальвання смецця, у выніку якіх агнём знішчана 24 будынкі, пашкоджана 26 будынкаў. На жаль, не абышлося без ахвяр – загінула 2 чалавекі.