Адправіць ліст па электроннай пошце, пагаварыць з роднымі па скайпе – сёння для моладзі працы не складзе. А як жа быць людзям пажылога ўзросту?
Адправіць ліст па электроннай пошце, пагаварыць з роднымі па скайпе – сёння для моладзі працы не складзе. А як жа быць людзям пажылога ўзросту? Прасіць унукаў навучыць камп'ютарнай граматнасці? Вось толькі ці хопіць у іх настаўніцкага цярпення? Выйсце з гэтай сітуацыі прапануе цэнтральная раённая бібліятэка. Камп'ютарныя курсы «Web-пенсіянер» - такі праект у мінулым годзе распрацаваў аддзел бібліятэчнага маркетынгу.
Камп'ютарнай граматнасці тут вучыць на індывідуальных занятках Інна Юшко. Доўжыцца занятак дзве гадзіны і абыходзіцца ў 20 тысяч рублёў. Не атрымліваецца засвоіць усе веды за гэты час, можна запісацца на наступны. Прычым, тэму «урока» «вучань» выбірае сам. Такая магчымасць не абмяжоўвае жадаючых асвоіць камп'ютар па іх узроўні: адны ўдасканальваюць свае ўменні, іншыя пачынаюць з нуля. Хтосьці хоча знайсці страчаных сяброў у сацыяльных сетках, хтосьці - пагутарыць з сваякамі, а хтосьці і зусім з дапамогай інтэрнэту жадае скласці сваю скарбонку рэцэптаў або схем вышыўкі. Дарэчы, гэтыя курсы асвоілі ўжо 14 чалавек. Папоўніць іх шэрагі можна, папярэдне запісаўшыся на заняткі, якія праходзяць у панядзелак з 8.00 да 12.00, у аўторак і пятніцу - з 8 да 17 гадзін.
М. АРЛОВА