Галоўнай тэмай абласнога семінара, які адбыўся ў нашым раёне, стала якасная і своечасовая нарыхтоўка кармоў.

Галоўнай тэмай абласнога семінара, які адбыўся ў нашым раёне, стала якасная і своечасовая нарыхтоўка кармоў. Пры гэтым быў закрануты і шэраг іншых актуальных тэм. Кіравалі мерапрыемствам намеснік старшыні аблвыканкама Эдуард Дзям’янаў і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Догель, удзельнічалі начальнікі райсельгасхарчаў з усіх раёнаў і іх намеснікі па жывёлагадоўлі, раслінаводстве і механізацыі.

У канцы мая кіраўніцтва аблсельгасхарчу на самалёце абляцела ўсе раёны вобласці. Зверху былі агледжаны палеткі, многія з якіх склалі дваістае ўражанне: непасрэдна ад дарог, пад’язных шляхоў вока радуе прыгожы пейзаж з рунню, якая дружна ўзыходзіць, а вось у сярэдзіне, у вымачках сітуацыя іншая. Многія палеткі зарастаюць лазой, альхой ды ляшчынай. На пленарным пасяджэнні прысутным прадэманстравалі фотаздымкі, зробленыя з борта самалёта, зводкі, дзе адлюстраваны фрагменты безгаспадарчасці.

Найбольш актуальнай задачай на збожжавых і бульбяных палетках паўстае абарона раслін. Насякомыя-шкоднікі, хваробы, пустазелле.

Назіраецца міжвідавая засмечанасць збожжавых, у пасевах пшаніцы зашмат расце жыта, трыцікале. Часам яна даходзіць да 20 працэнтаў, што рэзка зніжае таварнасць і ў выніку – цану збожжа. Дырэктар Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Якоўчык выказаў наступнае меркаванне:

- Па-першае, трэба наладзіць сістэмную працу па абнаўленні насеннага фонду, штогод абнаўляць сарты, купляючы толькі якаснае насенне. Па-другое, з усёй сур’ёзнасцю падыходзіць да выбару папярэднікаў, рэгулявання севазвароту. Напрыклад, сеяць азімую пшаніцу пасля жыта ніяк нельга, на зямлі пасля камбайнаў застаецца крыху зерня, як бы мы ні стараліся наладзіць тэхніку. Яно гэтай жа восенню прарасце, дадасца ў пасевы пшаніцы.

Пасля завяршэння пасяўной кампаніі аграрыі атрымалі некаторую аператыўную паўзу, за час якой мелі магчымасць лепш падрыхтавацца да касавіцы. За гэты час трэба было даць вяскоўцам адпачыць пасля напружанай вясновай працы, зрабіць запасы паліва, змазачных матэрыялаў, запчастак, падрамантаваць тэхніку. На вялікі жаль, не ўсе раёны на сто працэнтаў справіліся з пастаўленымі задачамі.