24 мая, Полацк /Дзіяна Курыло – БЕЛТА/. Гасцінны Полацк у гонар свайго юбілею для гасцей "накрывае стол" працягласцю два кіламетры, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме.
На працягу трох святочных дзён з раніцы і да паўночы на праспекце Францыска Скарыны і вуліцы Гогаля прыдзвінскія вытворцы, прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання "накрыюць стол" працягласцю ў два кіламетры. Сваю прадукцыю прадставяць 48 суб'ектаў гаспадарання вобласці.
Гандлёвы кірмаш, які атрымаў назву "Стужка часу", разлічаны на 2 тыс. пасадачных месцаў і падзелены на некалькі часавых адрэзкаў: "Полацк старажытны", "Полацк княжацкі", "Полацк асветніцкі", "Полацк купецкі", "Полацкі кірмаш", "Полацк ХХ стагоддзя", "Сучасны Полацк". У кожнага часавога адрэзка свой каляровы сімвал і свае персанажы. Так, "Полацк старажытны" паўстане ў бардовым колеры і колеры неадбеленага лёну. Гасцей там будуць сустракаць крывіч і крывічанка ў палатняных кашулях. "Полацк ХХ стагоддзя" перанясе ў савецкія часы. Плугі, мяшкі з збожжам, воз і лозунг: "Ідзі, таварыш, да нас у калгас!" адназначна прымусяць успомніць мінулае прадстаўнікоў старэйшага пакалення.
Тэрыторыю працягласцю паўтара кіламетра зоймуць падворкі райцэнтраў Віцебскай вобласці, дзе размесцяцца аб'екты грамадскага харчавання, выставы-продажы вырабаў народных майстроў. У "Горадзе майстроў" возьмуць удзел каля 300 рамеснікаў.
Старт урачыстасцям з нагоды 1150-годдзя Полацка будзе дадзены 25 мая. Святочныя мерапрыемствы будуць праходзіць у горадзе па 5 чэрвеня.-0-
БЕЛТА
Гасцінны Полацк "накрывае стол" працягласцю два кіламетры
24.5.20120 праглядаў