Да вырашальнага матча Кубка краіны дабраліся хакеісты "Шахцёра" і "Віцебска". На групавым этапе, які праходзіў з 2 па 13 жніўня, "гарнякі" занялі першае месца ў пуле А, а ў паўфінальным матчы напярэдадні абыгралі сталічную "Юнасць" (3:2). Віцябляне забяспечылі сабе ўдзел у трафейным паядынку дзякуючы поспеху ў групе Б і наступнай перамозе над "Брэстам" у паўфінале (4:1).

Гаспадары лёду адкрылі лік на 18-й хвіліне фіналу, голам у складзе салігорцаў адзначыўся Багдан Дзянісевіч. У другім перыядзе гледачы таксама ўбачылі адну закінутую шайбу, але ўжо ў выкананні гасцей - лічбы зраўняў Артур Гільманаў. Лёс Кубка вырашыўся ў заключнай 20-хвілінцы: роўна на экватары трэцяй Арцём Смірнов вывеў "мядзведзяў" наперад, і ў час, што застаўся, паўночнікі перавагу ўтрымалі. Такім чынам, 2:1 і другі для "Віцебска" Кубак Салея ў гісторыі клуба - год таму падапечныя Рамана Юпатава таксама сталі ўладальнікамі трафея, абыграўшы ў фінале "Гомель".

Трэцяе месца ў цяперашнім розыгрышы турніру заняў хакейны клуб "Брэст", які раней сёння адолеў у паядынку за бронзу "Юнасць" - 2:1. Новы сезон беларускай экстралігі стартуе ўжо 30 жніўня, у першы дзень рэгулярнага чэмпіянату адбудуцца матчы "Гомель" - "Віцебск", "Ліда" - "Магілёў" і "Металург" - "Нёман".

vitebsk-region.gov.by