27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Добрае надвор'е чакаецца ў Беларусі на выходных, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук. У бліжэйшыя суткі, 28 верасня, надвор'е сапсуе атмасферны фронт, які, рухаючыся з Заходняй Еўропы, прынясе ў краіну дажджы. У асобных раёнах не выключаны моцныя дажджы, месцамі магчымы навальніцы. Вецер паўднёва-ўсходні з пераходам на заходні, умераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўночы будзе плюс 10-16 градусаў, удзень – 13-19 градусаў. Па паўднёвым усходзе Гомельскай і Магілёўскай абласцей паветра прагрэецца да 20-22 градусаў. У суботу ўмовы надвор'я зноў пачне фарміраваць антыцыклон. Надвор'е палепшыцца, дажджы спыняцца, вецер уціхне. У начныя і ранішнія гадзіны згусцяцца туманы. Начная тэмпература паветра будзе на ўзроўні плюс 3-10 градусаў, дзённая – 14-21 градус. У нядзелю Беларусь зноў апынецца на шляху атмасфернага фронту з Заходняй Еўропы. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Вецер паўднёва-заходні, парывісты. Тэмпература паветра ўночы будзе плюс 7-13 градусаў, удзень паветра прагрэецца да 12-19 градусаў, па паўднёвым усходзе – да 21 градуса. "Нягледзячы на паніжэнне, такія тэмпературы па-ранейшаму перавышаюць норму на 1-3 градусы для гэтых дзён верасня. Сённяшняя тэмпература на 3-7 градусаў вышэй за норму", – адзначыла галоўны сіноптык краіны. Кастрычнік, паводле яе слоў, стартуе цудоўным надвор'ем. Зона дажджоў і воблачнасці сыдзе за межы краіны. Улада над надвор'ем пяройдзе да антыцыклону. У панядзелак ападкі спыняцца, уночы і раніцай месцамі згусцяцца туманы. Тэмпература паветра ўночы чакаецца 3-10 градусаў цяпла, удзень – 12-19 градусаў. У аўторак таксама чакаецца без ападкаў. Начная тэмпература паветра будзе 5-11 градусаў, дзённая – 15-20 градусаў цяпла. Малаактыўны атмасферны фронт стане фактарам, які будзе вызначаць надвор'е, у сераду. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны захаваецца сухое надвор'е, толькі ў асобных раёнах магчымы дажджы. Уночы і раніцай месцамі згусціцца туман. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы, слабы. Тэмпература паветра ўночы будзе 6-11 градусаў, удзень паветра прагрэецца да 14-19 градусаў. У чацвер таксама будзе сухое надвор'е. Пры слабым ветры начная тэмпература чакаецца на ўзроўні 4-10 градусаў, удзень будзе 16-22 цяпла.-0-

БЕЛТА