17 красавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Гаспадаркі 15 раёнаў Віцебскай вобласці прыступілі да падкормкі азімых збожжавых культур, рапсу і шматгадовых траў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
"Сонлівае і сухое надвор'е спрыяе таму, што праз пару дзён у гэту працу ўключацца і астатнія шэсць рэгіёнаў вобласці. Падкормка дазволіць культурам хутчэй пайсці ў рост", - адзначылі спецыялісты.
Стан азімых можна будзе ацаніць у поўнай меры толькі пасля таго, як пачнецца вегетацыя. Аб'ёмы страт аграрыі вобласці падлічаць у канцы красавіка.
Актывізавалася падрыхтоўка да пасяўной. Вядзецца пратручванне насення. Гаспадаркі атрымалі 96% элітнага насеннага матэрыялу, закупленага ў спецыялізаваных сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны. Раёны назапашваюць мінеральныя ўгнаенні. Іх у гаспадаркі ўжо паступіла 83% ад неабходнага аб'ёму.
Пасеў яравых збожжавых культур плануецца пачаць у канцы тыдня. 20 красавіка пробныя выезды ў палі зробяць хлебаробы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. У гэтых рэгіёнах лёгкія пясчаныя глебы, якія хутчэй праграваюцца і сохнуць, растлумачылі ў аблсельгасхарчпрадзе. Летась пасяўная кампанія ў Віцебскай вобласці пачалася 12 красавіка.
У бягучым годзе агульная плошча пасеваў у Віцебскай вобласці складзе 850 тыс.га, з іх азімыя збожжавыя займаюць 231 тыс.га, азімы рапс - 55 тыс.га.-0-