Гаспадаркі Беларусі паставілі ў Татарстан 3,5 тыс. т бульбы
9.9.20100 праглядаў
9 верасня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Рэспубліканскую асацыяцыю вытворцаў бульбы і пладаагародніннай прадукцыі "Бульбапладаагародніна", паставілі першыя 3,5 тыс.т бульбы ў Татарстан, што складае прыкладна 15% ад прадугледжанага кантрактам аб'ёму, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар асацыяцыі Аляксандр Яраховіч.
Пастаўкі ажыццяўляюцца аўтамабільным і чыгуначным транспартам. Ужываецца таксама камбінаваная транспарціроўка. Аўтамабілі, якія прывозяць грузы з Татарстана ў Беларусь, тут загружаюцца бульбай. Усяго, згодна з кантрактам, асацыяцыя экспартуе ў Татарстан 30 тыс.т бульбы.
Пачынаюцца таксама пастаўкі бульбы ў Башкартастан. Асноўным пастаўшчыком бульбы тут вызначаны Белкаапсаюз, частку бульбы экспартуе і "Бульбапладаагародніна". Транспарціроўка будзе ажыццяўляцца ў асноўным чыгуначным транспартам.
Па словах Аляксандра Яраховіча, экспарт бульбы ў гэтыя расійскія рэгіёны знаходзіцца на асаблівым кантролі ўрада. Дагаворы на пастаўку бульбы былі падпісаны зусім нядаўна. Да прыкладу, кантракт з Татарстанам быў заключаны па выніках візіту ў Беларусь прэзідэнта Татарстана Рустама Мініханава ў жніўні. Татарстан разглядае Беларусь у якасці асноўнага імпарцёра бульбы на свой рынак. На першым этапе ў Татарстан з Беларусі плануецца паставіць 40 тыс.т бульбы. У далейшым гэтая лічба можа ўзрасці да 100 тыс.т.
Вядуцца таксама адгрузкі бульбы ў Арлоўскую, Варонежскую, Разанскую і Ульянаўскую вобласці Расійскай Федэрацыі. Па лініі асацыяцыі "Бульбапладаагародніна" ў Маскву плануецца паставіць 20 тыс.т бульбы і 10 тыс.т агародніны. Частку прадукцыі беларускія гаспадаркі могуць прадаваць па прамых дагаворах.
Больш за 30 тыс.т бульбы і 10 тыс.т агародніны будзе накіравана ў Санкт-Пецярбург, Мурманск, Калінінград, Карэлію. Аляксандр Яраховіч адзначыў, што пастаўкі ў Маскву і Санкт-Пецярбург ажыццяўляюцца па доўгатэрміновых дагаворах. Такім чынам, гандлёвыя аптовыя кампаніі Масквы і Санкт-Пецярбурга супрацоўнічаюць з беларускімі ўжо на працягу трох гадоў.
Разам з пастаўкамі прадукцыі ў Расію, асацыяцыя мае намер арганізаваць экспарт у Малдову і Украіну. У прыватнасці, ужо прапрацаваны і ўзгоднены пытанні і ўмовы пастаўкі бульбы ў Херсон і Крым.
Як падкрэсліў Аляксандр Яраховіч, экспарт бульбы вядзецца не на шкоду патрэбам унутранага рынку. Стабілізацыйныя фонды краіны папаўняюцца бульбай згодна з планам.
Рэспубліканская асацыяцыя вытворцаў бульбы і пладаагародніннай прадукцыі "Бульбаплодаагародніна" створана ў ліпені 2007 года, агарагандлёвы дом пры асацыяцыі - у кастрычніку таго ж года. У асацыяцыю ўваходзяць звыш 100 гаспадарак - удзельнікаў праграмы развіцця бульбаводства.-0-
БЕЛТА