16 чэрвеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі нарыхтавалі 28% неабходнага аб'ёму травяных кармоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Паводле даных на сённяшні дзень, нарыхтавана 1 млн. 776,6 тыс.т кармавых адзінак, што на 6% больш, чым на аналагічную дату мінулага года. У цэлым жа сельгасарганізацыям краіны трэба будзе нарыхтаваць у гэтым годзе 6 млн. 357 тыс. кармавых адзінак. Па тэмпах нарыхтоўкі пакуль лідзіруюць аграрыі Магілёўскай вобласці - заданне тут выканана на 33,2%. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па краіне прыпадае 6 ц кармавых адзінак, што на 1,4 ц больш, чым у мінулым годзе на аналагічную дату. Самая высокая забяспечанасць кармамі ў гаспадарках Магілёўскай вобласці - 7,2 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У Мінскай і Гомельскай абласцях гэты паказчык складае прыкладна 6 ц, у Брэсцкай - 5,9 ц, у Гродзенскай - 5,8 ц, у Віцебскай - 4,9 ц. Завяршаецца ўборка першым укосам шматгадовых траў: яны скашаны на 1 млн. 203,4 тыс.га, што складае 81,4% да плана. Па тэмпах касавіцы наперадзе гаспадаркі Гомельскай вобласці, дзе скашана ўжо 94,1% ад запланаванага. У цэлым сельгасарганізацыямі краіны нарыхтавана 322,7 тыс.т сена (27,4% да задання), 5 млн. 418 тыс.т сенажу (61,2%), 533,3 тыс.т сіласу (3,4%). Гаспадаркі забяспечаны неабходнай тэхнікай, каб своечасова справіцца з нарыхтоўкай кармоў і выканаць заданне.-0-

БЕЛТА