26 ліпеня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі завяршаюць уборку азімага рапсу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Па даных на 26 ліпеня, гэтая культура прыбрана на 243,6 тыс.га (89,7% усёй плошчы). Па тэмпе ўборкі лідзіруюць гаспадаркі Віцебскай вобласці, дзе скашана 97,3%. У Брэсцкай вобласці прыбрана 92,2%, Гомельскай - 89,5%, Магілёўскай - 89,3%, Мінскай - 85%, Гродзенскай - 83,6% плошчы, адведзенай пад азімы рапс. Азімага рапсу намалочана 392 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці па краіне 16,1 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць у Магілёўскай вобласці - 18,5 ц/га. У Брэсцкай вобласці - 17,9 ц/га, Гомельскай - 16,8 ц/га, Мінскай - 15,8 ц/га, Гродзенскай - 15,4 ц/га, Віцебскай - 11,3 ц/га. Рапс выкарыстоўваецца ў Беларусі для вытворчасці масла, атрымання біяпаліва, у камбікормавай прамысловасці. У параўнанні з іншымі сельскагаспадарчымі культурамі рапс мае значныя перавагі, бо спрыяе павышэнню прадукцыйнасці культур, якія ідуць за ім у севазвароце. Як усякая высокапрадуктыўная культура, рапс патрабуе высокай культуры земляробства, выканання агратэхнічных патрабаванняў апрацоўкі і падрыхтоўкі глебы да сяўбы, арганізацыі барацьбы з хваробамі, пустазеллем і шкоднікамі.-0-

БЕЛТА