11 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці прыступілі да масавай уборкі кукурузы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Усяго па стане на 11 верасня ў вобласці ўбрана 8,2 тыс.га кукурузы, або 8,6% плошчаў. Валавы збор зялёнай масы, уключаючы выкарыстоўваную для падкормкі, дасягнуў 212,7 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 259,5 ц/га. Найбольш актыўнымі тэмпамі ўборку гэтай культуры вядуць аграрыі Расонскага (убрана 36% плошчаў), Докшыцкага (28,2%) і Браслаўскага (23,3%) раёнаў. Нядаўна да гэтай працы прыступілі гаспадаркі Дубровенскага, Лёзненскага, Аршанскага, Пастаўскага, Сенненскага, Талачынскага раёнаў. Не пачалі яшчэ ўборку кукурузы працаўнікі вёскі Бешанковіцкага раёна, намаганні якіх засяроджаны цяпер на сяўбе азімых збожжавых. У раёнах вобласці працягваецца нарыхтоўка корму для жывёлы на міжсезонне. На сёння аграрыі сабралі 174,5 тыс.т сена, 2,3 млн.т сянажу, 235,2 тыс.т сіласу, у тым ліку 142,8 тыс.т з кукурузы. У цэлым нарыхтавана 776,24 тыс.т кармавых адзінак, або 53,7% задання. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае 16,68 ц кармавых адзінак, у тым ліку для грамадскай жывёлы - 16,26 ц кармавых адзінак. Завяршыць асноўныя сельскагаспадарчыя работы ў вобласці плануецца да 20 верасня.-0-

БЕЛТА