3 верасня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці прыступілі да масавай уборкі кукурузы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Па аператыўных даных, скашана 8,5% плошчаў, нарыхтавана 253 тыс.т зялёнай масы пры сярэдняй ураджайнасці 287 ц/га. У аблсельгаспрадзе падкрэслілі, што ўраджайнасць кукурузы будзе павышацца. "Зараз ідзе ўборка не самых лепшых участкаў. Гаспадаркі ў першую чаргу накіроўваюць тэхніку на палі, пашкоджаныя дзікімі кабанамі. Лепшыя ўчасткі будуць прыбірацца пазней. Па прагнозах, сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы ў гэтым годзе будзе не ніжэй за 300 ц/га. А ў некаторых рэгіёнах рэальна атрымаць па 500 ц/га. У сувязі з аптымістычным прагнозам на ўраджай плануецца частку кукурузы пусціць на зерне", - падкрэслілі ў аблсельгаспрадзе і дадалі, што з улікам кукурузы ў рэгіёне нарыхтавана па 16,73 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 0,57 цэнтнера больш чым было на гэту дату ў мінулым годзе.
Актынва вядуцца работы і на бульбяным полі - выкапана 10,4% плошчаў. Сабрана 12,7 тыс.т клубняў, сярэдняя ўраджайнасць 288 ц/га. Прагнозы на ўраджай бульбы ў аблсельгаспрадзе таксама добрыя. "Удалося дамагчыся высокай ураджайнасці і добрай якасці клубняў. Самае вялікае бульбяное поле ў Віцебскай вобласці ў Талачынскага кансервавага завода - 821 тыс.га. Прадпрыемства ўжо выкапала другі хлеб на 44% плошчаў. Тут нарыхтавана 10,8 тыс.т бульбы пры ўраджайнасці 300 ц/га", - растлумачылі ў аблсельгаспрадзе.
У рэгіёне працягваецца ўборка лёну. Культура сабрана з плошчы ў 3 тыс.га, атрымана 6,2 тыс.т льнотрасты сярэднім нумарам 1. Актыўна вядзецца сяўба азімых збожжавых культур. Ужо ўзаралі 60% плошчаў, пасеяна 48,3 тыс.га, што адпавядае 19,3%. У лідарах тут Бешанковіцкі (35,9%), Мёрскі (26%) і Глыбоцкі (25,3%) раёны. -0-