2 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці ўшчыльную наблізіліся да 50-працэнтнай мяжы ва ўборцы траў другога ўкосу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Па стане на 2 жніўня ў вобласці скашана 62,4 тыс.га травяных угоддзяў, або 48% плошчаў. На сённяшні дзень нарыхтавана 159,9 тыс.т сена, у тым ліку амаль 121 тыс.т для грамадскай жывёлы, 2,2 млн.т сенажу, 76,7 тыс.т сіласу. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае 15,49 ц кармавых адзінак, што нязначна перавышае ўзровень кармавой базы, нарыхтаванай на аналагічную дату 2011 года. Нарыхтоўка траў будзе працягвацца ў рэгіёне на працягу ўсяго жніўня, а галоўныя намаганні працаўнікоў вёскі ў цяперашні час засяроджаны на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Заўтрашні дзень абяцае стаць для іх асабліва выніковым. Так, намалот збожжа можа пераадолець планку ў 500 тыс.т. На 2 жніўня ён склаў 438,9 тыс.т пры штодзённым прыросьце ў 55-60 тыс.т. Таксама 3 жніўня чакаецца з'яўленне ў Віцебскай вобласці першага экіпажа-тысячніка сярод маладых і дасведчаных камбайнераў. Галоўныя прэтэндэнты на гэтае званне працуюць у Аршанскім, Чашніцкім і Пастаўскім раёнах.

БЕЛТА