XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі" адкрываецца сёння ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.

XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі" адкрываецца сёння ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.

Каля сотні ўдзельнікаў заявілі аб гатоўнасці працаваць на стэндах XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі". Сярод удзельнікаў - беларускія інфармацыйныя агенцтвы, рэдакцыі, медыйныя выдавецкія дамы. На выставе будзе прадстаўлены ўвесь спектр шматграннай работы, якая праводзіцца на працягу года ў самых розных выданнях. Акрамя таго, да ўдзелу запрошаны замежныя госці - кітайскія і расійскія СМІ. Можна будзе азнаёміцца з выданнямі Саюзнай дзяржавы, а таксама з выданнямі, якія выходзяць у асяроддзі беларускіх дыяспар у Літве, Латвіі, Украіне і Расіі.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў выставы, якое пройдзе ў дзень яе адкрыцця, стане канферэнцыя "Сродкі масавай інфармацыі ў свеце, які змяняецца: прафесіяналізм і адказнасць", дзе будзе ісці размова аб інфармацыйнай бяспецы.

Свае праекты на выставе прэзентуюць беларускія друкаваныя выданні, тэлеканалы, агенцтвы. Абшырная праграма рыхтуецца рэгіянальнымі выданнямі. На стэндах у тым ліку знойдзе адлюстраванне тэма Года навукі ў Беларусі, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілейныя даты гарадоў. Часопіс "Беларуская думка", напрыклад, арганізуе 3 мая круглы стол "Роля СМІ ў ідэалагічных працэсах". У мерапрыемстве возьмуць удзел эксперты, супрацоўнікі і аўтары выдання.

Традыцыйна ў дні працы форуму адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара". Акрамя таго, на выставе будуць названы пераможцы Рэспубліканскага конкурсу на лепшую арганізацыю (гандлёвы аб'ект) па рэалізацыі друкаванай прадукцыі, Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Беларусі і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, прысвечанага 100-годдзю з дня ўтварэння беларускай міліцыі, Міжнароднага конкурсу навуковых работ студэнтаў і навучэнцаў у галіне прынттэхналогій і медыякамунікацый "500-годдзе кнігадрукавання на ўсходнеславянскіх землях".