XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі" сёння пачынае работу, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі" сёння пачынае работу, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца ў 12.00. Выстава будзе праходзіць з 3 па 5 мая. У ёй прымаюць удзел больш за 50 экспанентаў, якія прадстаўляюць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Упершыню будуць прадстаўлены СМІ з Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Экспазіцыйная плошча выставы - больш за 1 тыс. кв.м.
Выстава "СМІ ў Беларусі" адлюстроўвае ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы краіны. Яе ўдзельнікі - друкаваныя і аўдыёвізуальныя рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб'ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы.
Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з экспазіцыямі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ, спецыялізаванымі і ведамаснымі выданнямі, газетамі вышэйшых навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый.
Выстава прапануе медыйнай супольнасці і наведвальнікам насычаную праграму, якая ўключае ў сябе прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі і многае іншае.
Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркуюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы выставы.
Падчас выставы адбудуцца прэзентацыя тэлеканала "Бел-Рос" ТРО Саюза, прэзентацыя БЕЛТА для менеджараў і супрацоўнікаў маркетынгавых службаў вядучых прадпрыемстваў Беларусі. Важным стане выступленне намесніка галоўнага рэдактара МИА "Россия сегодня" Наталлі Лосевай для кіраўнікоў СМІ на тэму "Глабальныя трэнды для новых медыя".
Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны Году малой радзімы. Круглы стол "Мая малая Радзіма" правядзе РВУ "Выдавецкі дом "Звязда" сумесна з "Настаўніцкай газетай". БЕЛТА прадставіць праект "Легенды малой радзімы: слуцкія паясы", СМІ Гродзенскай вобласці правядуць прэзентацыю і майстар-клас праекта "Замкі Беларусі".
Навацыя сёлетняй выставы СМІ – Дзень рэгіянальнай прэсы, бо яна адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю. Дзень рэгіянальнай прэсы пройдзе 4 мая.
Яшчэ адной асаблівасцю стане Дзень дзяцей і моладзі. Дзіцячая пляцоўка, якая будзе працаваць падчас выставы, прапануе цікавыя разнапланавыя праграмы, а 5 мая пройдзе асабліва вялікая колькасць мерапрыемстваў для дзяцей.
Па традыцыі на выставе "СМІ ў Беларусі" ушаноўваюць пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Ліцеpа". Узнагароды 14-га конкурсу будуць уручаны 3 мая.
XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі" пройдзе ў выставачным комплексе па адрасе пр. Пераможцаў, 14.
Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі" праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РВУП "Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа", іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.