XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрываецца сёння, паведаміў БЕЛТА у Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
Прадстаўнікі 31 краіны прымуць удзел у XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе з 8 па 12 лютага. У ліку краін-удзельніц выставы - Беларусь, Азербайджан, Вялікабрытанія, Венесуэла, Германія, Ізраіль, Іран, Італія, Казахстан, Кітай, Рэспубліка Карэя, Куба, Малдова, Пакістан, Палесціна, Польшча, Расія, Сірыя, Сербія, Славакія, ЗША, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эквадор. Грэцыя будзе ўдзельнічаць у выставе ўпершыню.
Ганаровым госцем выставы стане Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Праграма мерапрыемстваў будзе ўключаць тры асноўныя тэмы: выдавецкі бізнес, вывучэнне англійскай мовы і адукацыйныя магчымасці Вялікабрытаніі. Можна будзе больш даведацца пра сучасную брытанскую літаратуру, ліцэнзаванне і аўтарскае права, вывучэнне і выкладанне англійскай мовы, анлайн-рэсурсы British Council, падрыхтоўку да экзамену IELTS, стыпендыі на навучанне ў Вялікабрытаніі, атрыманне вучэбнай візы, журналістыку, пераклад.
На стэндзе Вялікабрытаніі плануюцца прэзентацыі: школ англійскай мовы, брытанскіх універсітэтаў, магчымасцей для бізнес-адукацыі ў Мінску, перакладаў брытанскай літаратуры на беларускую мову, а таксама беларускай літаратуры - на англійскую. Акрамя таго, на выставе адбудзецца прэзентацыя бібліятэкі Францыска Скарыны ў Лондане, прадстаўнік бібліятэкі раскажа пра яе працу.
У розныя гады на кніжнай выставе ў Мінску былі ганаровымі гасцямі Расія, Украіна, Казахстан, Кітай, Арменія і інш.
Падчас выставы пройдзе каля 300 мерапрыемстваў. Знойдуць сваё адлюстраванне такія тэмы, як 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілейныя даты Пімена Панчанкі, Янкі Брыля і іншых пісьменнікаў.
Сярод мерапрыемстваў - урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". Традыцыйна пройдзе міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час". У гэтым годзе гэта трэці па ліку сімпозіум, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (пройдзе 8-9 лютага). Акрамя таго, упершыню адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў "Першацвет".