17 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Усе помнікі, устаноўленыя ў гонар салдат Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыі Віцебскай вобласці будуць абследаваны, і за кожным будзе замацаваны шэф. Адпаведнае даручэнне старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец даў сёння падчас сумеснaга пасяджэння прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Папярэдне, праектам бюджэту вобласці на 2012 год запланавана выдзяленне Br400 млн. на прывядзенне ў парадак помнікаў загінулым воінам. Аднак, на думку ветэранаў, гэтай сумы недастаткова. Старшыня аблвыканкама запатрабаваў правесці агляд помнікаў, замацаваць іх за прадпрыемствамі і арганізацыямі, вызначыць неабходны пералік работ і прывесці ў парадак. "Неабходныя сумы можна зарабіць на суботніках, шэфы павінны дапамагчы", - дадаў ён. Губернатар таксама звярнуў увагу на помнікі і бюсты, устаноўленыя ў гонар воінаў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыях прадпрыемстваў. Не ўсе яны знаходзяцца ў належным стане, іх мала хто бачыць, таму ён прапанаваў разгледзець пытанне іх пераносу на Алею герояў. На тэрыторыі вобласці налічваецца больш за 1,2 тыс. воінскіх пахаванняў, у тым ліку загінулым у гады Айчыннай вайны 1812 года, грамадзянскай вайны, Вялікай Айчыннай і воінам-інтэрнацыяналістам.-0-

БЕЛТА