У некаторых грамадзян у жыроўках з'явіўся новы надпіс: «Па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічных затрат».

У некаторых грамадзян у жыроўках з'явіўся новы надпіс: «Па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічных затрат».

Як мы ўжо адзначалі, у мэтах рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» (у рэдакцыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 студзеня 2018 г. № 1) у раёне на пастаяннай аснове дзейнічае камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна, старшынёй якой з'яўляецца Ігар Урбан. Асноўная яе мэта — максімальнае садзейнічанне занятасці насельніцтва, стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці, а таксама правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на рэсацыялізацыю асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. База даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, абнаўляецца адзін раз у 3 месяцы.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 2020 года № 252, з 1 мая 2021 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, павінны аплачваць па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, не толькі гарачае водазабеспячэнне (падагрэў вады) — гэтая норма дзейнічае з пачатку 2019 года, але таксама цеплазабеспячэнне (ацяпленне) і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.

На гэту тэму гутарым з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнікам аддзела па занятасці насельніцтва Наталляй Азаронак.

— Наталля Мікалаеўна, хто трапіў у гэтыя спісы?

— Адразу хачу адзначыць, што ў гэты спіс не трапілі тыя, хто працуе, атрымлівае пенсію, афіцыйна здае ў арэнду кватэру, вучыцца, а таксама бацькі дзяцей да 7 гадоў. Таксама туды не трапілі індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, рамеснікі, людзі, якія займаюцца аграэкатурызмам і праходзяць альтэрнатыўную службу.

— А калі чалавек нядаўна звольніўся?

— Такім грамадзянам даецца час на пошук новай працы — ад 3 да амаль 6 месяцаў. Калі зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці, то таксама не будзе ў базе. Акрамя таго, не ўключаць у гэты спіс тых, хто адбывае пакаранне па прыгаворы суда.

— За якія жыллёва-камунальныя паслугі працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, цяпер плацяць па поўных тарыфах?

— Ім выстаўлены поўныя тарыфы за ацяпленне, гарачую ваду і газазабеспячэнне. Калі чалавек пражывае не адзін, па поўным кошце трэба плаціць толькі за частку аб'ёму жыллёва-камунальных паслуг, для іншых членаў сям'і яны застаюцца субсідаванымі.

— А калі ў грамадзяніна складаны жыццёвы перыяд…

— Камісія можа вызваліць ад аплаты камунальных паслуг па поўных тарыфах тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй разумеецца аб'ектыўная акалічнасць (сукупнасць акалічнасцей), якая не залежыць ад грамадзяніна, якую ён не можа пераадолець за кошт наяўных магчымасцей. Кожны выпадак разглядаецца ў індывідуальным парадку. Калі ў чалавека сапраўды важкія прычыны на тое, каб не працаваць, то яму пойдуць насустрач. Адтэрміноўку на аплату камунальных паслуг па поўных тарыфах могуць даць да года.

— А як паступіць тым, хто вучыцца ці працуе за мяжой?

— Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія працуюць за мяжой або атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме, пры прад'яўленні пацвярджаючых дакументаў, не ўключаюцца ў спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць паслугі з пакрыццём затрат.

Для пацвярджэння сваёй занятасці названым катэгорыям грамадзян неабходна прадаставіць у пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі дакументы, якія пацвярджаюць ажыццяўленне працоўнай дзейнасці або навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі.

— Як даведацца, ці чыслицца грамадзянін у базе не занятых у эканоміцы?

— Грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць праверыць, ці ўключаны яны ў базу не занятых у эканоміцы, на Адзіным партале электронных паслуг.

Інфармацыю аб знаходжанні ў базе грамадзянін можа даведацца толькі ў дачыненні да сябе асабіста. Для гэтага чалавеку ў першую чаргу неабходна атрымаць электронны лічбавы подпіс або унікальны ідэнтыфікатар (лагін і пароль), якія спатрэбяцца для аўтарызацыі ў асабістым кабінеце на Адзіным партале электронных паслуг.

Атрыманне электроннага лічбавага подпісу – платная паслуга. А вось унікальны ідэнтыфікатар выдаецца бясплатна пры звароце ў службу «Адно акно» па месцы жыхарства, дзе дастаткова прад'явіць пашпарт.

На падставе заявы фарміруецца асабісты электронны кабінет грамадзяніна і выдаецца унікальны ідэнтыфікатар: лагін і пароль.

Таксама для атрымання інфармацыі аб тым, ці ўтрымліваюцца звесткі аб грамадзяніне ў

базе даных, можна звярнуцца ў пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанню занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі праз тэлефонны званок або пісьмовы зварот, у тым ліку і на адрас электроннай пошты камісіі.

— Наталля Мікалаеўна, як паступіць грамадзяніну, калі ён працаўладкаваны, а ў паведамленні на аплату ЖКУ пазначана: «эканамічна абгрунтаваныя тарыфы»?

— У першую чаргу трэба звярнуцца ў разліковы цэнтр, каб удакладніць, на падставе чаго быў зроблены такі разлік. Калі чалавек трапіў у базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, — звярнуцца ў камісію раённага выканаўчага камітэта па каардынацыі работы па садзейнічанню занятасці насельніцтва і прад'явіць дакументы, якія пацвярджаюць працаўладкаванне.

Трэба адзначыць, што ёсць і іншыя прычыны, па якіх могуць прымяняцца эканамічна абгрунтаваныя тарыфы на ЖКУ. Напрыклад, у кватэры няма зарэгістраваных па месцы жыхарства грамадзян, у жылым памяшканні зарэгістравана прыватнае унітарнае прадпрыемства, у грамадзяніна маецца ў уласнасці або валоданні і карыстанні нежылое памяшканне ў жылым доме, кватэра здаецца ўнаём для кароткатэрміновага пражывання і інш.

Інфармацыю аб працаўладкаванні, наяўных вакансіях, магчымасцях навучання, перанавучання, перасялення на новае месца жыхарства і работы, аб грамадскіх аплатных работах, атрыманні фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідыі для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных, можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Гутарыла Наталля Храпавіцкая.

http://www.lepel-kraj.by/za-kommunalnye-uslugi-po-polnomu-tarifu/