22 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. За месяц дзеяння закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" у Віцебскі аблвыканкам паступіла 33 электронныя звароты, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віцебскага аблвыканкама Святлана Станкевіч.
Для разгляду па сутнасці пытання 16 электронных зваротаў перапраўлены ў раённыя, гарадскія выканкамы або ў аддзелы і ўпраўленні аблвыканкама, 17 - пакінуты на кантролі ў аблвыканкаме. Па ўсіх зваротах заяўнікі атрымаюць адказы альбо па электроннай пошце, альбо ў пісьмовым выглядзе, у залежнасці ад пажаданняў грамадзян. Новым відам сувязі з дзяржорганамі найбольш актыўна карыстаюцца жыхары Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы, Талачынскага, Віцебскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. У аблвыканкам таксама паступілі звароты грамадзян з Расійскай Федэрацыі. У іх гучыць просьба аб дапамозе ў пошуку магіл сваякоў, якія загінулі і пахаваны на тэрыторыі вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гаворачы пра структуру і характар паступіўшых зваротаў, Святлана Станкевіч адзначыла, што яны ў цэлым не адрозніваюцца ад структуры пісьмовых зваротаў. Грамадзян хвалююць пытанні жыллёвых праваадносін, будаўніцтва, транспартнага абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага забеспячэння, гандлю, аховы здароўя.
Яна таксама адзначыла, што рэалізацыя закона на практыцы не выклікала цяжкасцей у работнікаў выканкамаў. Шмат у чым гэтаму спрыяла вучоба, якая праводзілася як спецыялістамі аблвыканкама, так і прадстаўнікамі рэспубліканскіх органаў. У аблвыканкаме выконваецца план мерапрыемстваў па рэалізацыі закона, у адпаведнасці з якім прыведзены ў адпаведнасць нарматыўныя прававыя акты мясцовых органаў улады, унесены змены ў кантракты з дзяржслужачымі.
Адным з новаўвядзенняў "Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" з'яўляецца магчымасць спагнання з заяўніка выдаткаў, панесеных у сувязі са злоўжываннем сваім правам на зварот, сістэматычным накіраваннем неабгрунтаваных зваротаў, распаўсюджваннем ілжывых звестак. Як адзначыла Святлана Станкевіч, такой магчымасцю спагнання чыноўнікі не скарысталіся, але пры звароце грамадзяніна абавязкова тлумачаць яму гэтыя палажэнні закона.
У Віцебскі аблвыканкам з 22 студзеня да 22 лютага паступіла 349 зваротаў грамадзян. У мінулым годзе за гэты перыяд было зафіксавана 355 зваротаў.-0-
БЕЛТА
За месяц у Віцебскі аблвыканкам паступіла 33 электронныя звароты
22.2.20120 праглядаў