21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. За парушэнне правілаў нарыхтоўкі і збору ягад брусніц і журавін у Віцебскай вобласці ў жніўні прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 55 чалавек, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Найбольшая колькасць прэтэнзій (22) за незаконны збор брусніц і журавін прад'яўлена Лёзненскай райінспекцыяй. У цэлым па Віцебскім аблвыканкаме за прычыненне шкоды расліннаму свету за жнівень прад'яўлена 59 прэтэнзій на суму Br12,8 млн. Па сведчанні эколагаў, у студзені-жніўні бягучага года найбольшая колькасць пратаколаў аб парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства складалася ў галіне аховы атмасфернага паветра - амаль траціна ад агульнай колькасці. Кожны пяты пратакол канстатаваў парушэнні правілаў абыходжання з адходамі, крыху менш парушалі заканадаўства ў частцы аховы водных рэсурсаў. За восем месяцаў 2011 года Віцебскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго структурнымі падраздзяленнямі праведзена звыш 600 планавых і пазапланавых праверак суб'ектаў гаспадарання. У выніку інспекцыйнай дзейнасці Віцебскім аблвыканкамам прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 3,4 тыс. правапарушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку 1,4 тыс. службовых асоб. Накладзена штрафаў на агульную суму Br460,8 млн. У суды накіравана 129 адміністрацыйных матэрыялаў. Да ліквідацыі выяўленых парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства прыпынялася эксплуатацыя 63 экалагічна небяспечных вытворчых установак, аб'ектаў. За прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю прад'яўлена 131 прэтэнзія суб'ектам гаспадарання на суму Br637,5 млн.-0-

БЕЛТА