8 кастрычніка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. За працай тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі будуць сачыць 66 назіральнікаў, накіраваных грамадзянамі, калектывамі, партыямі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Паводле даных ЦВК, заявы для назірання за працай тэрытарыяльных камісій падалі 16 грамадзян і 6 калектываў, 4 заяўкі паступілі ад палітычных партый і 40 – ад грамадскіх аб'яднанняў.
Як бачна, палітычныя партыі не выявілі асаблівай цікавасці да магчымасці назіраць за працай тэрытарыяльных камісій. Прыняць удзел у гэтым працэсе вырашылі толькі Камуністычная партыя Беларусі, вылучыўшы трох прадстаўнікоў, і БНФ.
На думку Мікалая Лазавіка, хутчэй за ўсё палітычныя партыі "мала цікавіць гэты ўзровень камісій", магчыма, яны праявяць большы інтарэс да назірання за працай участковых камісій.
Мікалай Лазавік падкрэсліў, што пасля прынятых змяненняў выбарчага заканадаўства магчымасці для назірання ў палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў значна пашырыліся, яны могуць "больш свабодна выкарыстоўваць інстытут назірання". У прыватнасці, ім прадастаўлена права накіроўваць для назірання не толькі членаў партыі і арганізацый, але і проста сваіх прадстаўнікоў, якімі могуць быць любыя грамадзяне. Устаноўлены таксама "яўкавы" прынцып рэгістрацыі назіральнікаў. Раней яны павінны былі рэгістравацца напярэдадні і мелі права пачаць назіранне толькі на наступны дзень, а цяпер непасрэдна ў дзень звароту могуць прыступіць да назірання, растлумачыў Мікалай Лазавік. Акрамя таго, у мясцовых назіральнікаў з'явіліся больш важкія правы. Яны могуць складаць акт (раней – толькі рабіць заяву) аб выяўленых парушэннях, якія выбарчая камісія павінна разгледзець і прыняць адпаведнае рашэнне.-0-
БЕЛТА
За працай тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі будуць сачыць 66 мясцовых назіральнікаў
8.10.20100 праглядаў