У мінулым годзе на тэрыторыі філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлеб­прам” распачаліся рамонтныя работы. У мінулыя гады на прадпрыемстве праводзіўся рамонт унутраны, найперш — замена і абнаўленне тэхналагічнага абсталявання.

У мінулым годзе на тэрыторыі філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлеб­прам” распачаліся рамонтныя работы. У мінулыя гады на прадпрыемстве праводзіўся рамонт унутраны, найперш — замена і абнаўленне тэхналагічнага абсталявання. Так, былі закуплены і ўсталяваны печы, якія для выпякання выкарыстоўваюць не электраэнергію, а прыродны газ, іншае імпартнае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць больш прадукцыі пры меншых выдатках. Зараз жа ўвага пераносіцца на пабудовы, іх стан, знешні выгляд.

Доўгі час заводская тэрыторыя была абнесена цаглянай агароджай. Цэгла патрэскалася, раствор пачаў выветрывацца. Ды і выгляд паступова агароджа набыла зусім не эстэтычны. У мінулым годзе будаўнікі разбурылі старую агароджу, а праз некаторы час на яе месцы зладзілі новую — з сучаснага металапрофілю. Там, дзе прыгожа і акуратна, людзям камфортна працаваць.

Дайшла чарга да крамы “Гарачы хлеб” па Барысаўскім тракце. Многія лепяльчане, ідучы з працы, заходзяць туды, каб набыць бохан-другі яшчэ цёплага хлеба, духмяных батонаў і булак. Крама за доўгія дзесяцігоддзі стала своеасаблівай візітнай карткай прадпрыемства, таму рамонт там быў проста неабходны. Металапрофіль на казырку, каб вада не капала на пакупнікоў, ралетнае закрыццё акна, рамонт унутры памяшкання, замена дзвярэй — не поўны пералік праведзеных за апошні час работ.

Фірменная крама “Каласок” — у пачатку вуліцы Інтэрнацыянальнай. Размешчана гандлёвая кропка таксама ў зручным для людзей месцы, паміж кварталамі сельгастэхнікі, меліярацыі, ПМК, дарожных арганізацый, дзе шмат лепяльчан працуюць, і цэнтральнымі жылымі кварталамі. Таму завітаць, ідучы з працы дахаты, у “Каласок” для многіх стала за гады неадменным атрыбутам, рытуалам.