Прывітаўшы прысутных, старшыня райвыканкама Барыс Ефрэмаў падкрэсліў:

- Ва ўсе часы галоўным багаццем нашага краю былі і застаюцца працавітыя, таленавітыя, гасцінныя людзі… Дзякуючы вам, мінулы год быў выніковым для Лепельшчыны, хоць і няпростым.

У 2012 годзе аб'ёмы вытворчасці выраслі ў раёне ў 1,9 раза. На экспарт адпраўлена прадукцыі на 40 мільёнаў долараў у 19 краін свету. 263 мільярды інвестыцый укладзена ў эканамічнае развіццё прадпрыемстваў і арганізацый.

Найлепшымі працоўнымі калектывамі па выніках раённага спаборніцтва сталі філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», ДЭУ-202, раённы вузел электрычнай сувязі, гімназія № 1, краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бальніца, фірменны магазін №1 «Лепелька», УП «БелХімос», Слабадскі сельвыканкам.

Яшчэ шэраг прадпрыемстваў і арганізацый адзначаны ў розных намінацыях. Амаль 120 перадавікоў сталі пераможцамі ў індывідуальным спаборніцтве. Сярод іх, да прыкладу, аператар вытворчасці сухіх малочных прадуктаў ААТ «Лепельскі МКК» Таццяна Міснік. А званне лепшага кіраўніка года прысвоена начальніку Лепельскага ваеннага санаторыя Міхаілу Ляху.

Лепель па праву ацаніў не толькі тых, хто самааддана працуе на вытворчасці, але і актыўных памочнікаў улады па месцы жыхарства. Гэта старэйшына аграгарадка Старое Лядна Надзея Бардзілоўская і старшыня домавага камітэта вёскі Заслонава Ірына Яцко.

Шчыра прывітаў землякоў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шыкшнян. А ператварыць злёт у сапраўднае свята дапамаглі работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Алена Целядко.