На выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама разгледзелі вынікі работы галіны і абмеркавалі эфектыўнасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву.
Начальнік галоўнага ўпраўлення Міхаіл Вішневецкі адзначыў, што ўсе падыходы і метады былі накіраваны на тое, каб эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя спрацавала і ў найбліжэйшай будучыні, і была нацэлена на доўгатэрміновую перспектыву. Каля 71 млн рублёў накіравана ў мінулым годзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя вобласці, 16 з іх пайшло на набыццё абсталявання. За 2023 год да праекта «клапатлівая паліклініка» далучыліся 12 паліклінік вобласці. Усяго «клапатлівыя» тэхналогіі выкарыстоўваюць 26 амбулаторна-паліклінічных устаноў, у тым ліку ў гарадскіх паліклініках Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка.
У 2024 годзе, падкрэсліў кіраўнік абласнога ведамства, працягнецца будаўніцтва аперацыйна-рэанімацыйнага корпуса абласной клінічнай бальніцы (гэта аб'ект, які пераходзіць на 2025 год), будзе завершана рэканструкцыя абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, а таксама пачнецца будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Аэрапорт у Полацку. Запланавана і абнаўленне абсталявання: будуць устаноўлены тры магнітна-рэзанансных тамографа, ангіяграфы, камп'ютарныя тамографы, што таксама наблізіць аказанне якаснай медыцынскай дапамогі да насельніцтва. Парк аўтамабіляў хуткай дапамогі папоўняць 44 новыя адзінкі транспарту.
Па стане на 1 студзеня 2024 года ў арганізацыях аховы здароўя вобласці працуе каля 5 тыс. урачоў і 13,5 тыс. сярэдніх медыцынскіх работнікаў. У 2023 годзе прыбыло 179 урачоў-інтэрнаў і 203 урачы-маладыя спецыялісты.
Падчас калегіі шэраг работнікаў аховы здароўя вобласці атрымалі ўзнагароды Віцебскага аблвыканкама, галіновага Міністэрства, Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта і прафсаюза.