10 красавіка, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца аддаваць закінутыя вёскі пад турыстычныя аб'екты практычна бясплатна, абы людзі імі займаліся. Пра гэта паведаміў сёння намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга на сустрэчы з членамі дэлегацыі Краснадарскага краю, якія прыехалі вывучаць вопыт Беларусі ў сферы сельскага турызму, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У цяперашні час у Беларусі дастаткова шмат вёсак, у якіх не пражывае ніводнага чалавека. "Асабліва гэта характэрна для паўночных рэгіёнаў - Віцебскай і Гродзенскай абласцей, дзе пераважае хутарная сістэма", - адзначыў намеснік міністра. У выніку старэння насельніцтва толькі ў Браслаўскім раёне каля 12 вёсак за апошнія два гады выключылі са спісу населеных пунктаў у сувязі з тым, што там няма ніводнага жыхара. "Мы працуем над тым, каб знайшліся людзі, якія б, няхай за адну базавую велічыню, маглі выкупіць гэтыя вёскі, - распавёў Часлаў Шульга. - Няхай яны іх трансфармуюць і добраўпарадкують пад турыстычныя вёскі". Першыя ахвотныя "рэаніміраваць" апусцелыя хутары ўжо з'явіліся: яны хочуць набыць закінутыя вёскі ў Россонскім раёне Віцебскай вобласці і Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Праўда, пры жаданні інвестары могуць узяцца за добраўпарадкаванне не толькі закінутых, але і дзеючых вёсак. У якасці прыкладу намеснік міністра прывёў беларускага бізнэсмэна, які зарабіў капітал у Ленінградскай вобласці. У Пружанскім раёне ён выкупіў усю вёску, дзе жыла яго маці, і стварыў там турыстычны комплекс. "Плюс ён дадаў спартыўны комплекс, у агульным, уклаў вялікія грошы ў гэтую справу", - падкрэсліў Часлаў Шульга.-0-

БЕЛТА