24 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Бюджэтная запазычанасць па падатках плацельшчыкаў Віцебскай вобласці скарацілася за верасень прыкладна на Br300 млн. (на 3,5%) і склала на 1 кастрычніка каля Br8,3 млрд. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Каля 99% запазычанасці прыпадае на прадпрыемствы і арганізацыі розных форм уласнасці. У мэтах ліквідацыі даўгоў падатковымі інспекцыямі ў прымусовым парадку ўзыскана за студзень-верасень звыш Br90 млрд., што складае 2,4% ад агульнай сумы бюджэтных паступленняў за дзевяць месяцаў. Усяго за студзень-верасень у даход кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці паступіла амаль Br3,8 трлн., або 102,7% гадавых планавых прызначэнняў, у тым ліку плацяжы ў рэспубліканскі бюджэт склалі Br1,76 трлн. (101,8% да плана), у мясцовы бюджэт паступіла больш Br2 трлн. (103,6%). Дадатковыя даходы бюджэту перавысілі Br100 млрд. У структуры даходаў удзельная вага падатку на дабаўленую вартасць складае каля 30%, акцызаў - 27,1%, падаходнага падатку - 16,6%, падатку на прыбытак - 8,5%. Найбольшую долю плацяжоў забяспечваюць юрыдычныя асобы ўсіх форм уласнасці, якімі сфарміравана 95,3% даходаў бюджэту (у тым ліку дзяржаўнымі прадпрыемствамі 80,6%). Аб'ём падатковых плацяжоў індывідуальных прадпрымальнікаў склаў 2,3% даходаў бюджэту, плацяжы фізічных асоб займаюць каля 2% у агульным аб'ёме даходаў. Усяго ў фарміраванні даходнай часткі бюджэту прымаюць удзел каля 17,3 тыс. юрыдычных асоб, 26,2 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і 416 тыс. фізічных асоб.-0-

БЕЛТА