18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прыёмна-нарыхтоўчыя пункты Віцебскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў перайшлі на падоўжаны графік работы, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці аблспажыўсаюза Ніна Анішчык. У разгар нарыхтоўчага сезона здаць лішкі сельгаспрадукцыі або лясныя ягады з грыбамі ў вобласці можна да 20.00. Апроч нарыхтоўчых пунктаў закупкамі ў насельніцтва займаюцца крамы спажыўкааперацыі. У маланаселеных вёсках, дзе няма стацыянарных гандлёвых аб'ектаў, працуюць раз'язныя нарыхтоўшчыкі. У аўталаўках ёсць усё неабходнае інфармацыя аб умовах і кошце нарыхтовак, а прадаўцы перасоўных магазінаў прымаюць заяўкі на здачу яблыкаў. Нягледзячы на тое, што на Віцебшчыне сёлета самая нізкая ўраджайнасць яблыкаў у параўнанні з іншымі абласцямі, ужо нарыхтавана 11,3 тыс. т пры запланаваных 14 тыс. т. Акрамя таго, кааператары закупілі ў насельніцтва на 30% больш чарніц, чым летась, нарыхтавалі звыш 100 т журавін і рыхтуюцца да ўраджаю позніх грыбоў - груздоў і восеньскіх апенькаў. Нарыхтаваныя яблыкі паступаюць на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці, а вось лясныя ягады ахвотна купляюць у Расіі, Літве і Латвіі. На экспарт ужо накіравана больш за 120 т ягад.-0-

БЕЛТА