14 сакавіка, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Заяўкі на ўдзел у адборачных турах конкурсаў "Славянскага базару ў Віцебску" - Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск" - прымаюцца да 1 красавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі. У адборачным туры "старэйшага" конкурсу могуць удзельнічаць вакалісты, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, заявілі пра сябе поспехамі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях, ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў уключна. У адборачным туры "малодшага" музычнага спаборніцтва свае сілы паспрабуюць дзеці ад 7 да 12 гадоў - удзельнікі конкурсаў і фестываляў рэспубліканскага і міжнароднага узроўняў. Адборачныя туры пройдуць у два этапы. Першы - праслухоўванне аўдыё- і прагляд відэаматэрыялаў - праводзіцца экспертнай групай да 10 красавіка. Па яго выніках эксперты адбяруць па 10 чалавек для ўдзелу ў кожным конкурсе. Другі этап - праслухоўванне прафесійнай судовай калегіяй выканаўцаў, якія паспяхова пераадолелі першы этап, пройдзе да 20 красавіка на базе Маладзёжнага тэатра эстрады. Выканаўцы выступяць у суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". Для ўдзелу ў першым этапе адборачнага тура выканаўцы павінны падрыхтаваць відэазапіс дзвюх песень па сваім меркаванні працягласцю не больш за чатыры хвіліны; у другім этапе - дзве кампазіцыі працягласцю не больш за чатыры хвіліны, якія выконваюцца ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". Абавязковай умовай удзелу ў другім этапе з'яўляецца выбар эстраднай песні беларускага аўтара на беларускай мове (для ўдзельнікаў дарослага і дзіцячага конкурсаў); эстраднай песні кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў (для канкурсантаў "Віцебска-2011"); любой эстраднай песні (на сваё меркаванне), якая найбольш ярка адлюстроўвае выканаўчае майстэрства і артыстычныя здольнасці выканаўцы (для ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу "Віцебск-2011"). Песні на розных этапах могуць паўтарацца. Артысты, адабраныя членамі журы, пройдуць прафесійную падрыхтоўку да выступлення на завяршальным адборачным канцэрце, дзе таксама будуць выступаць у суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". Па выніках выступленняў журы назаве імя аднаго ўдзельніка Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" і па адным удзельніку ў кожнай узроставай групе Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2011".