13 студзеня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Грамадзяне, якія заключылі дагаворы на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, будуць крэдытавацца на ранейшых умовах. Пра гэта паведаміў сёння падчас прамой лініі "Народнай газеты" начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Грамадзяне, якія раней заключылі дагаворы з банкамі на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля, будуць крэдытавацца на ранейшых умовах, нават калі згодна з новым указам яны не адносяцца да катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготнага крэдыту", - адзначыў Аляксандр Горваль. Калі ж крэдытны дагавор з банкам яшчэ не заключаны, то крэдыт будзе афармляцца ў адпаведнасці з новымі ўмовамі, прапісанымі ва ўказе №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" ад 6 студзеня 2012 года. "Зацвярджэнне чалавека ў спісе на льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля не з'яўляецца падставай для заключэння з ім дагавора на атрыманне льготнага крэдыту. Цяпер права на дзяржаўную падтрымку будуць мець толькі тыя грамадзяне, якія падпадаюць пад дзеянне новага дакумента", - падкрэсліў ён. Тым грамадзянам, якія выключаны са спісу ільготнікаў, прапанавана крэдытавацца на іншых умовах - пад 31% гадавых, калі яны стаяць на ўліку маючых патрэбу, альбо па камерцыйнай стаўцы. Акрамя таго, начальнік упраўлення параіў маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў перабірацца ў горад з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. жыхароў - такім чынам яны змогуць атрымаць крэдыт пад 10% стаўкі рэфінансавання. "Гэта ўмова прапісана ва ўказе для таго, каб стварыць прыток рабочай сілы ў малыя гарады і разрэдзіць насельніцтва ў буйных гарадах", - адзначыў ён. Кажучы пра іншыя магчымасці і варыянты вырашэння жыллёвых пытанняў, Аляксандр Горваль паведаміў, што тэарэтычна ў Беларусі існуюць такія механізмы, як жыллёва-будаўнічыя зберажэнні і іпатэка, якія на практыцы не дзейнічаюць. "Яны могуць працаваць толькі пры ўмове, калі інфляцыя складае максімум 8-10%, а ў Беларусі ў 2011 годзе яна дасягнула 108,7%", - растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва.-0-

БЕЛТА