3 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год прадугледжвае інструменты стымулюючага характару для збалансаванага стану дзяржбюджэту. Такую кропку гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат эканамічных навук Ірына Семянчукова. "На 2013 год прыпадае пік плацяжоў Беларусі па знешнім доўгу дзяржавы - $3,2 млрд. Каб дасягнуць збалансаванага стану дзяржбюджэту і ўтрымаць грашовы рынак у межах прагнозных узроўняў інфляцыі, падтрыманы ў першым чытанні дэпутатам праект бюджэту прадугледжвае выкарыстанне шэрагу інструментаў стымулюючага характару", - лічыць яна. Перш за ўсё Ірына Семянчукова адзначыла пашырэнне магчымасцей прадпрыемстваў у атрыманні льготных крэдытаў на патрэбы інвестыцыйнага характару за кошт сродкаў інвестыцыйных фондаў. "Рост маштабаў інвестыцыйнага крэдытавання будзе спрыяць мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці", - падкрэсліла яна. Эксперт таксама звярнула ўвагу на захаванне сацыяльнай накіраванасці расходаў бюджэту. На фоне прапаноў аб павелічэнні тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў бюджэце прадугледжваецца вяртанне да практыкі безнаяўных жыллёвых субсідый для грамадзян, у якіх доля расходаў на аплату камунальных паслуг у сукупным даходзе сям'і будзе перавышаць 15-20%. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў першым чытанні законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год на пасяджэнні 2 кастрычніка. Фарміраванне праекта рэспубліканскага бюджэту праведзена на бездэфіцытнай аснове. Агульная сума даходаў кансалідаванага бюджэту на 2013 год прагназуецца ў памеры Br197,41 трлн., або 31,3% ВУП. Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту прадугледжваюцца ў суме Br121,72 трлн., або з ростам да чаканага выканання 2012 года на 26,1%. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту з'яўляюцца падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы кансалідаванага бюджэту на 2013 год прагназуюцца ў суме Br197,41 трлн. Расходы па праекце рэспубліканскага бюджэту сфарміраваны ў суме Br121,72 трлн.