10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заканапраект аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве (ДПП) у Беларусі дапрацоўваецца і павінен быць прыняты ў 2013 годзе. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі загадчыца кафедры эканамічнай тэорыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Ірына Новікава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ірына Новікава адзначыла, што гэты заканадатаўны акт стаяў у плане падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год. "Закон добры, рана ці позна ён будзе прыняты, думаю, у 2013 годзе павінен быць прыняты", - сказала эксперт.
У працэсе абмеркавання законапраекта аб ДПП выказваліся пярэчанні з нагоды аднаго з яго палажэнняў, якое, на думку экспертаў, адпужвае прыватны бізнес. Гаворка ідзе пра праверку выкарыстання прыватнікам дзяржаўных грошай, выдзеленых на яго праекты. Казалася, што праз год пасля стварэння дзяржаўна-прыватнага партнёрства ва ўстаноўленым парадку адпаведныя органы могуць прыйсці і праверыць, як расходуюцца грошы. "Нібыта, усё правільна, трэба праверыць, як расходуюцца дзяржгрошы, але гэты пункт адпужвае прыватны бізнес, - лічыць Ірына Новікава. - Таму што калі прыватнік пачынае супрацоўнічаць з дзяржавай, у яго застаюцца іншыя напрамкі дзейнасці, дзе могуць быць нейкія памылкі. І ён не захоча, каб праз год яго праверылі".
Ёсць міжнародная практыка. Безумоўна, трэба кантраляваць расходаванне сродкаў і гэта трэба рабіць праз банк, падкрэсліла эканаміст. У Беларусі гэта павінен ажыццяўляць Банк развіцця. Ірына Новікава нагадала, што і пры выдзяленні Беларусі траншаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС была адна з патрабаванняў - стварэнне Банка развіцця. "Банк развіцця павінен выконваць гэту функцыю, - адзначыла яна. - Гэта значыць, як і ва ўсім свеце, праз банкаўскую структуру праходзяць дзяржаўныя грошы, яна павінна забяспечыць праверку правільнасці іх расходавання, куды, па якіх напрамках яны ідуць".
Прыняцце закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве неабходна краіне, падкрэсліла эксперт. Свет глабалізуецца, краіны зацікаўлены ў прыцягненні грошай на свае тэрыторыі, ідзе барацьба за кожны інвестыцыйны долар. Але проста так грошы не прыходзяць, яны часцей ідуць туды, дзе развітая інфраструктура: сучасныя дарогі, масты, іншыя камунікацыі, тэхналагічныя структуры. А інфраструктурныя праекты вельмі дарагія, рэалізоўваць іх толькі за бюджэтныя сродкі дорага, не заўсёды пад сілу дзяржаве. Таму яно зацікаўлена ў прыцягненні сродкаў прыватнага бізнесу ў інфраструктурныя праекты. І ажыццявіць гэта можна шляхам дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
У Беларусі раней ужо было рэалізавана два праекты ў дарожным будаўніцтве праз ДПП, хоць не было адпаведнага заканадаўства, яны выконваліся па ўказе Прэзідэнта, адзначыла Ірына Новікава. Так што Беларусь не стаіць убаку ад гэтага працэсу, падкрэсліла яна. "Трэба прыцягваць прыватніка, ён прыходзіць не толькі са сваімі грашыма, ён добры менеджэр, ён будзе кантраляваць працэс, падзеліць рызыкі з дзяржавай, не закансервуе аб'ект, а будзе хутчэй уводзіць яго ў эксплуатацыю, каб атрымаць даходы", - рэзюмавала эксперт.-0-
БЕЛТА