21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты прынялі сёння ў другім чытанні законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Законапраект унёс Прэзідэнт Беларусі, дакумент падрыхтаваны па яго ініцыятыве.

Як адзначыў, прадстаўляючы дакумент, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Віктар Русак, законапраект накіраваны на рэалізацыю прынцыпу гуманізму да асоб, якія адбываюць розныя віды крымінальных пакаранняў. Дакумент быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні на пасяджэнні, якое адбылося 14 мая бягучага года. Па словах Віктара Русака, да другога чытання законапраект дапрацаваны, праўкі насілі пераважна тэхнічны характар.

У дакуменце гаворыцца аб вызваленні ад пакарання такіх катэгорый грамадзян, як непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, у якіх ёсць дзеці малодшыя за 18 гадоў; а таксама мужчыны старэйшыя за 60 гадоў і жанчыны старэйшыя за 55 гадоў; інваліды I або II груп; хворыя на актыўную форму туберкулёзу (аднесеныя да I, II, V "А" або V "Б" груп дыспансернага ўліку); анкалагічныя хворыя (другой, трэцяй або чацвёртай клінічных груп); ВІЧ-інфікаваныя (з 3-й і 4-й стадыямі захворвання па клінічнай класіфікацыі СААЗ); ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый; якія атрымалі раненні (контузіі), калецтвы, захворванні пры выкананні абавязкаў у перыяд ваеннай службы ва Узброеных Сілах СССР або Беларусі, КДБ, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях. Пры гэтым гаворка ідзе аб вызваленні ад грамадскіх або выпраўленчых работ, штрафу, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, абмежавання па ваеннай службе, арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі, а таксама ад іншых мер крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання пакарання, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання, а таксама ад дадатковых пакаранняў. Акрамя таго, у дакуменце сказана і аб зняцці самой судзімасці.

Акрамя гэтага, амністыя можа распаўсюджвацца на тых, хто яшчэ знаходзіцца пад следствам, або на людзей, прысуды ў дачыненні да якіх пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі. Але ў любым выпадку яна будзе дзейнічаць толькі па пэўных складах злачынстваў.