Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай, падчас якой абмяркоўваўся комплекс розных тэм, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай, падчас якой абмяркоўваўся комплекс розных тэм, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адной з праблем, якую закрануў кіраўнік дзяржавы, стаў законатворчы працэс, але не сам па сабе, а яго асаблівасці за апошні перыяд, за час працы верхняй палаты парламента цяперашняга склікання, які, дарэчы, неўзабаве завершыцца. "Можа быць, нейкія недахопы, асаблівасці, якія мы павінны ўлічыць пасля выбараў у будучыні", - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Другой тэмай для размовы стала дзейнасць экспертнага савета, які створаны пры Савеце Рэспублікі для ўсебаковага разгляду праектаў найважнейшых нарматыўных прававых актаў і ацэнкі наступстваў іх прыняцця. Размова ішла таксама і аб экспертна-кансультатыўным савеце, які разглядае актуальныя аспекты развіцця заканадаўства і выпрацоўвае прапановы па яго далейшым удасканаленні.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ходам працы абедзвюх гэтых структур, іх пазітыўным і, магчыма, негатыўным вопытам: "Што тут у нас дрэнна? Ці не стаў гэты экспертны савет прыдаткам нейкага чыноўніцкага (дзяржоргана. - Заўвага БЕЛТА) - урадавага, іншага?"

"Мы дамаўляліся аб тым, што гэта будзе сур'ёзны фільтр з экспертаў па дакументах, якія ўносяцца на разгляд Прэзідэнта. Гэта вельмі важна - каб не разбалансаваць сістэму. Таму я думаў, што гэты савет лішнім не будзе. І бюракратыі там залішняй таксама не павінна быць. Вось гэтага ні ў якім разе нельга дапусціць", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Абмяркоўвалася на сустрэчы таксама праца Савета Рэспублікі з мясцовымі саветамі дэпутатаў. "Мы дамаўляліся аб тым, што Савет Рэспублікі возьме пад свой патранаж мясцовыя саветы. Гэта наогул зона вашай адказнасці, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму што лепш, чым вы, Савет Рэспублікі, (ніхто. - Заўвага БЕЛТА) гэту працу не зробіць. Як тут абстаноўка? Што трэба зрабіць у будучыні?" - спытаў Прэзідэнт.