11 лютага, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Закупачныя цэны на збожжавыя і крупяныя культуры ўраджаю 2011 года, якія будуць рэалізоўвацца для дзяржаўных патрэб, павышаны ў Беларусі ў сярэднім на 28%. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Савета Міністраў №156 ад 8 лютага 2011 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна. "Улічваючы каньюнктуру цэн на знешнім рынку, нізкую рэнтабельнасць прадукцыі раслінаводства ў 2010 годзе, рост матэрыяльных затрат, звязаных са павелічэннем цэн на прамысловую прадукцыю, Мінсельгаспрад прапанаваў закупачныя цэны на збожжавыя і крупяныя культуры ўраджаю 2011 года ўстанавіць у памеры, які забяспечвае рэнтабельнасць 20%, гэта значыць павялічыць іх у сярэднім на 28%", - адзначылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, каментуючы пастанову. Закупачныя цэны на піваварны ячмень павышаны з Br390 тыс. да Br550 тыс. за тону, або на 41%. Прадугледжана таксама надбаўка ў памеры 1% да закупачнай цаны пры ўтрыманні бялку 11-11,5%, у памеры 3% - пры ўтрыманні бялку менш за 11%. Цана на алейнае насенне рапсу ўзрасла на 25%. Яна склала за тону алейнага насення для харчовых мэт Br1 млн., а за тону алейнага насення для тэхнічных мэт - Br938 тыс. За кошт павышэння цаны будзе забяспечана рэнтабельнасць рапсу ў памеры 25% пры ўраджайнасці 17 ц/га. На цукровыя буракі цана павялічылася на 28%. Цана за тону базавай нормы кандыцыйных буракоў склала Br140 тыс., некандыцыйных - Br112 тыс. Такі ўзровень цэн дазволіць павысіць яе рэнтабельнасць да 32,7% пры ўраджайнасці 440 ц/га. На цукровыя буракі ў 2011 годзе не прадугледжана даплата з бюджэту. Прырост выручкі сельскагаспадарчых арганізацый ад павышэння закупачных цэн на прадукцыю раслінаводства ўраджаю 2011 года ацэньваецца ў Br656 млрд., адзначылі ў Мінсельгаспрадзе. У міністэрстве падкрэслілі, што зацвярджэнне закупачных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю ўраджаю 2011 года ўжо ў пачатку года дазволіць сельскагаспадарчым арганізацыям больш эфектыўна спланаваць сваю вытворча-гаспадарчую дзейнасць на бягучы год. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

БЕЛТА