15 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. На гала-канцэрце майстроў мастацтваў, які 14 ліпеня вянчаў Дзень культуры Беларусі на XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", зала спявала песні разам з выканаўцамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Публіка цёпла і гасцінна сустракала беларускіх артыстаў, пачынаючы спяваць з першых акордаў любімых кампазіцый, часам галасы гледачоў заглушалі галасы выканаўцаў. А вечар у Летнім амфітэатры па-сапраўднаму быў зорным - Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Пётр Ялфімаў, Валерый Скаражонак, Аляксандр Саладуха, Жанет і Вольга Плотнікава, Аляксандра Драздова, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Аляксей Хлестаў, Эдуард Ханок, Саша Нема, ансамбль народнай музыкі "Бяседа", ВІА "Чараўніцы"... Канцэрт стаў сплавам класічных і сучасных кампазіцый у выкананні артыстаў розных пакаленняў, але аб'яднаных адным - любоўю да зямлі беларускай. Працяглымі апладысментамі сустрэлі гледачы дуэт Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай. Зала разам з легендамі спявала "Малиновку". І адарыла Аляксандра Ціхановіча, які адзначыў 13 ліпеня 60-годдзе, авацыямі. "Дзякуй за любоў, яна ўзаемная", - падзякаваў юбіляр гледачам. Цудоўна, выдатна, малайцы - такімі эпітэтамі гледачы суправаджалі выступленне артыстаў Тэатра сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I. Іх танцавальныя нумары гарманічна дапаўнялі выступленні артыстаў.-0-

БЕЛТА