Тампанаж невыкарыстоўваемых артэзіянскіх свідравін, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў на некаторых жывёлагадоўчых аб'ектах, барацьба з баршчэўніком Сасноўскага, вываз і абясшкоджванне непрыдатных пестыцыдаў.

Тампанаж невыкарыстоўваемых артэзіянскіх свідравін, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў на некаторых жывёлагадоўчых аб'ектах, барацьба з баршчэўніком Сасноўскага, вываз і абясшкоджванне непрыдатных пестыцыдаў.

Гэтыя экалагічныя пытанні застаюцца надзённымі і разглядаліся на пасяджэнні аблвыканкама пры абмеркаванні рэалізацыі Дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2016 – 2020 гады».

Ацэньваючы сітуацыю ў рэгіёне, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў адзначыў, што паступова паляпшаецца якасць вады ў большасці рэк і азёр, стаў чысцейшым паветра, паменшылася колькасць прамысловых аварый з цяжкімі экалагічнымі наступствамі. За апошнія тры гады на рэалізацыю прыродаахоўных мерапрыемстваў накіравана 3,1 млн руб.

Скарачаюцца выкіды

За справаздачны перыяд выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра са стацыянарных і мабільных крыніц паменшыліся на 11,1 тыс. т – даведзены паказчык перавыкананы ў два разы. Скарачэнне выкідаў забяспечана за кошт павелічэння колькасці аўтатранспарту высокіх экалагічных класаў і правядзення на 212 вытворчых аб'ектах мерапрыемстваў па перааснашчэнні, удасканаленні і аптымізацыі тэхналагічных працэсаў.

Стан атмасфернага паветра ў Віцебску, Полацку і Наваполацку, дзе ўстаноўлены аўтаматычныя станцыі бесперапыннага вымярэння ўтрымання прыярытэтных забруджвальных рэчываў, у асноўным ацэньваецца як вельмі добрае, добрае і ўмеранае. Доля перыядаў з здавальняючай і дрэннай якасцю нязначная. У той жа час на аб'ектах прамысловага вузла Наваполацка неабходна завяршыць праводзімыя мерапрыемствы па зніжэнні забруджвання паветра дыяксідам серы. Таксама трэба працягнуць працу па мадэрнізацыі кацельняў ЖКГ, укараненні тэхналогій па уцягванні ў энергетычны баланс аднаўляльных крыніц энергіі і пашырэнні выкарыстання электратранспарту.

Увага – ачышчальным

Дзяржпраграма прадугледжвае паступальнае скарачэнне скіду недастаткова ачышчаных сцёкаў у паверхневыя водныя аб'екты. За апошнія чатыры гады аб'ёмы скараціліся са 123 тыс. куб. м да 20 тыс. куб. м. Выкананы рамонт і рэканструкцыя камунальных ачышчальных збудаванняў у Оршы,Докшыцах, Лепелі, Паставах, працягваюцца работы на падобных аб'ектах Віцебска і Браслава. Пабудаваны сеткі каналізацыі і новыя ачышчальныя збудаванні ў Верхнядзвінску і Глыбокім.

Аднак адной з вострых праблем з'яўляецца высокі знос ачышчальных збудаванняў жывёлагадоўчых комплексаў. За апошнія 2,5 года ўстаноўлена 11 фактаў забруджвання навакольнага асяроддзя сельскагаспадарчымі аб'ектамі.

Да магчымых крыніц забруджвання падземных вод адносяцца і 764 невыкарыстоўваемыя водазаборныя свідравіны. За апошнія тры гады ліквідацыйны тампанаж праведзены на 186 аб'ектах.

Небяспечныя пестыцыды

Асаблівая праблема – на захоўванні на 20 складах больш за 540 т непрыдатных пестыцыдаў, якія засталіся з савецкіх часоў. У гэтым годзе ў нашай краіне пачалася рэалізацыя праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі» коштам 8 млн еўра. Ён прадугледжвае вываз за межы Беларусі на бяспечнае знішчэнне непрыдатных пестыцыдаў. У аблвыканкаме праведзена рабочая нарада, вызначаны чатыры склады ў Полацкім, Талачынскім, Лёзненскім і Пастаўскім раёнах, якія стануць лагістычнымі цэнтрамі для кансалідацыі вывазу небяспечных рэчываў. У бліжэйшы час Мінпрыроды правядзе конкурс па выбары пастаўшчыка паслуг. Райвыканкамам у самыя сціслыя тэрміны неабходна вызначыць балансаўладальнікаў непрыдатных пестыцыдаў і арганізаваць іх узаемадзеянне з выканаўцам работ.

Несупакойны боршчэўнік

Праведзеная летась інвентарызацыя выявіла больш за 4 тыс. месцаў росту боршчэўніка Сасноўскага на плошчы звыш 3,9 тыс. га. Сёлета на барацьбу з інвазіўнай раслінай з мясцовых бюджэтаў выдзелена больш за 1,2 млн руб. Па стане на 24 чэрвеня першасна апрацавана 90% плошчаў, у асноўным – хімічным метадам. У гэтым годзе ў гаспадарчы абарот плануецца ўцягнуць 160 га пашкоджанай раслінай тэрыторыі.

Трывогу ў эколагаў выклікае і залацістацвет канадскі, які выяўлены на 241 га. Найбольш інвазіўныя Аршанскі і Віцебскі раёны, а таксама абласны цэнтр.

Падводзячы вынікі, намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў, які праводзіў пасяджэнне, завастрыў увагу на тэхналагічным і якасным правядзенні работ па барацьбе з боршчэўнікам Сасноўскага. Таксама неабходна арганізавана падысці да рэалізацыі праекта па ўтылізацыі непрыдатных пестыцыдаў, каб ачысціць Віцебшчыну ад небяспечных рэчываў.

"Віцебскія весці", фота з адкрытых крыніц.