Судом Лепельскага раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні жыхара г. Лепеля па ч.1 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Н. абвінавачваўся ў тым, што ён наўмысна, шляхам свабоднага доступу, таемна выкраў з кішэні курткі, якая знаходзілася ў вагоне-бытоўцы, размешчанай на тэрыторыі будаўнічага аб'екта, кашалёк з грашыма, што знаходзіліся ў ім.
Абвінавачваны працаваў на дадзеным будаўнічым аб'екце і пацярпелым ад яго злачынных дзеянняў стаў яго ж калега, з якім яны былі знаёмыя ўжо некалькі гадоў.
Так, раніцай аднаго з працоўных дзён, абвінавачваны заўважыў партманэт у кішэні курткі пацярпелага, калі той даставаў з кішэні цыгарэты. Куртка заставалася вісець у бытоўцы. Падчас абеду, абвінавачваны першы пайшоў у бытоўку, каб пераапрануцца і падчас гэтага зноў убачыў у куртцы калегі партманэт. Вось тады і вырашыў завалодаць чужой маёмасцю, дастаў партманэт з кішэні і забраў сабе. Пасля чаго накіраваўся дадому, дзе і схаваў выкрадзенае. Пасля абеду абвінавачваны бачыў, што пацярпелы шукае кашалёк, прыязджалі супрацоўнікі РАУС, апытвалі ўсіх, у тым ліку і яго, аднак у крадзяжы не прызнаўся.
Увечары ўзяў з выкрадзенага партманэта 5 рублёў, на якія купіў цыгарэты і бутэльку віна.
На наступны дзень абвінавачваны вырашыў вярнуць выкрадзенае законнаму ўладальніку, бо яму стала сорамна за свае дзеянні. Прыйшоўшы пасля абеду на працу, абвінавачваны вярнуў пацярпеламу партманэт з змесцівам, папрасіў прабачэння. Праз некалькі дзён вярнуў і патрачаныя ім 5 рублёў. Пацярпелы дараваў калегу, аднак вырашыў, што пра тое, што адбылося, павінны ведаць усе і такія ўчынкі не павінны заставацца без пакарання. Раней грамадзянін Н. ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, на працы і дома характарызаваўся з станоўчага боку.
Прысудам суда Лепельскага раёна абвінавачваны прызнаны вінаватым у здзяйсненні тайнага выкрадання маёмасці (крадзяжы) і яму прызначана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ тэрмінам на 120 гадзін. Прысуд суда ўступіў у законную сілу.
Дзяржаўны абвінавальнік
памочнік пракурора Лепельскага раёна
юрыст 3 класа Е.В.Банеўская