29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду з 1 лістапада бягучага года дазволіць павысіць разліковы заработак работнікаў бюджэтнай сферы ў сярэднім на 30%, або ў абсалютным памеры на Br135 тыс. Заработак работнікаў бюджэтнай сферы, тарыфікаваных з 1-га па 12-ы разрад, перавысіць мінімальны спажывецкі бюджэт, што ўзмоцніць сацыяльную абароненасць такіх работнікаў. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна.
Як ужо паведамлялася, пастановай Савета Міністраў ад 27 верасня №1382 тарыфная стаўка першага разраду павышана з 1 лістапада 2010 года з Br90 тыс. да Br118 тыс.
"Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады прадугледжана да канца 2010 года дасягнуць узроўню сярэднямесячнай заработнай платы ў цэлым па рэспубліцы каля $500 у эквіваленце, - адзначыла міністр. - Для вырашэння пастаўленай задачы на працягу пяцігодкі праводзілася планамерная работа па павышэнні ўзроўню заработнай платы як работнікаў арганізацый рэальнага сектара эканомікі, так і арганізацый бюджэтнай сферы. Пры гэтым у рэальным сектары эканомікі гэтая задача вырашаецца за кошт рэалізацыі мерапрыемстваў па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, у тым ліку ў галіне аплаты працы, і павышэння эфектыўнасці гаспадарання камерцыйных арганізацый, а ў бюджэтнай сферы - за кошт павышэння памеру тарыфнай стаўкі першага разраду, а таксама тарыфных ставак (акладаў) асобным катэгорыям работнікаў".
2010 год з'яўляецца завяршальным годам пяцігодкі, які вызначае яе вынікі. На працягу гэтага года павышэнне заработнай платы ў бюджэтнай сферы ажыццяўлялася ў некалькі этапаў. На першым этапе тарыфная стаўка першага разраду была павышана з 1 студзеня з Br77 тыс. да Br81 тыс. і з 1 чэрвеня - з Br81 тыс. да Br90 тыс. З 1 верасня павышаны ўзровень аплаты працы нізкааплатных работнікаў, а таксама асобных катэгорый работнікаў сацыяльна-культурнай сферы. Другім этапам з'яўляецца павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду з 1 лістапада 2010 года.
Мар’яна Шчоткіна падкрэсліла, што дзяржаўным мінімальным сацыяльным стандартам у галіне аплаты працы, які забяспечвае ў рэспубліцы сацыяльную абарону работнікаў у сферы працоўных адносін, з’яўляецца мінімальная заработная плата (МЗП).
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы” памеры МЗП (месячнай і гадзіннай) устанаўліваюцца Саветам Міністраў штогод, адзін раз у год, з 1 студзеня зыходзячы з устояных узроўню занятасці і прадукцыйнасці працы; патрэбаў работніка ў матэрыяльных дабротах і паслугах; велічынь сярэдняй заработнай платы ў эканоміцы, пенсій, стыпендый, дапамог, кампенсацый і іншых сацыяльных выплат, а таксама з улікам эканамічных магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, наймальнікаў.
З 1 студзеня 2010 года пастановай урада мінімальная заработная плата была ўстаноўлена ў памеры Br258 тыс. 600. Памер МЗП з 1 студзеня бягучага года не змяняўся, а заработная плата работнікаў усіх галін эканомікі на працягу года планамерна павышалася (за жнівень яна склала Br1 млн. 286,9 тыс., або каля $430 у эквіваленце).
У сувязі з гэтым і з мэтай узмацнення сацыяльнай абароны работнікаў прыняты ўказ ад 27 верасня 2010 года №490 “Аб устанаўленні на лістапад-снежань 2010 года памераў мінімальнай заработнай платы”, у адпаведнасці з якім на лістапад-снежань устанаўліваецца месячная мінімальная заработная плата ў памеры Br400 тыс., гадзінная мінімальная заработная плата - у памеры Br2 тыс. 360.
БЕЛТА