19 верасня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Дастойную заработную плату трэба зарабіць, а не нарошчваць штучна. Такое меркаванне выказала ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка, каментуючы задачы, пастаўленыя на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі 11 верасня.
Па словах спецыяліста, сёння ў вобласці прымаюцца ўсе неабходныя меры, каб рост заработнай платы быў у цеснай сувязі з прадукцыйнасцю працы. Расце выручка на аднаго занятага - расце і зарплата. І для гэтага ў кожнага кіраўніка прадпрыемства ёсць неабходныя інструменты: ад правядзення мадэрнізацыі і тэхпераўзбраення вытворчасці, укаранення сучасных высокапрадукцыйных тэхналогій, нарошчвання экспарту, да элементарнай эканоміі і зніжэння матэрыяльных затрат.
Большасць прамысловых і прадпрыемстваў будаўнічага комплексу Магілёўскай вобласці працуюць сёння, кіруючыся вышэйуказанымі прынцыпамі. Адсюль і вынік - у вобласці практычна не засталося суб'ектаў гаспадарання ў прамысловым сектары і будiндыстрыi, дзе сярэдняя заработная плата ніжэй за $300 у эквіваленце. У рэгіёне на 1 верасня наогул не засталося арганізацый, дзе сярэдні заробак ніжэй за $200.
Задача па выхадзе ў снежні бягучага года на сярэднюю заработную плату $500 у эквіваленце ў вобласці рэальна праглядаецца. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па вобласці ў жніўні ў адносінах да ліпеня вырасла на Вr147,2 тыс. і склала Вr3786,2 тыс., або $454,3 у эквіваленце, у дакрызісным 2010 годзе яна раўнялася ўсяго $387 у эквіваленце.
Як адзначыла Святлана Тарасенка, па тэмпе росту заработнай платы Магілёўская вобласць знаходзіцца ў ліку лідэраў сярод іншых рэгіёнаў краіны. Так, за жнівень рост намінальнай налічанай сярэдняй зарплаты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 209,5%, а рэальная зарплата за названы перыяд вырасла на 34,6%. Па ўзроўні зарплаты Магілёўская вобласць стабільна ўтрымлівае трэцяе месца, апярэджваючы Віцебскую, Гродзенскую і Брэсцкую вобласці.-0-
БЕЛТА
Заработную плату трэба зарабіць, а не нарошчваць штучна - эксперт
19.9.20120 праглядаў