28 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць, якая непасрэдна мяжуе з Расіяй і падтрымлівае цесныя эканамічныя кантакты з яе рэгіёнамі, адной з першых адзначыць як пазітыўныя, так і негатыўныя моманты ўступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Пра гэта сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама заявіў яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Губернатар адзначыў, што ў сувязі з гэтым асаблівай увагі запатрабуе праца прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, машынабудавання, радыёэлектронікі. Па даручэнні Аляксандра Косінца, пры аблвыканкаме будзе створана спецыяльная камісія, якой трэба будзе прааналізаваць экспартна-імпартную дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна і выпрацаваць прапановы па іх рабоце ў новых эканамічных умовах. Гаворка перш за ўсё будзе ісці аб асваенні новых тэхналогій, аб паглыбленай перапрацоўцы сыравіны. "Абараняць рынак трэба інтэлектам, інавацыямі і стварэннем ліквіднай прадукцыі", - падкрэсліў губернатар. Па выніках пяці месяцаў камунальныя прадпрыемствы вобласці павялічылі экспарт тавараў, без уліку нафты і нафтапрадуктаў, у 5,3 раза ў параўнанні са студзенем-маем 2011 года. Гадавое заданне па забеспячэнні станоўчага сальда перавыканана амаль утрая і дасягнула па выніках пяці месяцаў $944 млн.

БЕЛТА