У Глыбокім да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі" адрамантуюць гімназію, каля 30 шматпавярховікаў і пабудуюць новы басейн. Пра гэта паведаміў журналістам перад пасяджэннем Віцебскага аблвыканкама старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі.
Па словах кіраўніка, у горадзе добраўпарадкуюць вуліцы і тратуары не толькі ў цэнтры, але і ў прыватным сектары. Запланавана правесці капітальны і бягучы рамонт 28 шматкватэрных дамоў. Акрамя таго, у маладым мікрараёне на поўначы горада пабудуюць 60-кватэрны дом.
Сёлета ў Глыбокім маюць намер абнавіць і бальніцу. Нядаўна ўсталявалі камп'ютарны тамограф, пройдзе рамонт паліклінічнага аддзялення. "Завершана палова работ па рэканструкцыі гімназіі на 1200 вучняў. Акрамя самой будынка, будуць таксама створаны лепшыя ўмовы для заняткаў спортам: абновіцца стадыён, дзе адначасова змогуць займацца пяць класаў", - сказаў Аляксандр Шубскі.
У райцэнтры працягваецца будаўніцтва басейна на 4 дарожкі па 25 м у мясцовым ФАКе. Работы праведзены на 72%, засталося ўладкаваць сам басейн - для завяршэння работ на гэты год выдзелена Br1,5 млн. Усяго ж на ўзвядзенне аб'екта патрацяць Br4,6 млн. Ён важны для гараджан, таму што некаторым даводзіцца ездзіць у басейн у суседнія Докшыцы і Ушачы.
Усяго перад "Дажынкамі" ў Глыбокім збіраюцца прывесці ў парадак каля 100 аб'ектаў. "У нас ёсць яшчэ некаторыя задумкі, якія пакуль не хочацца раскрываць. Будзем рабіць нешта эксклюзіўнае, каб у Глыбокім з'явілася яшчэ больш цікавых месцаў для жыхароў і гасцей. Наш горад у год наведваюць 50 тыс. турыстаў", - дадаў старшыня райвыканкама.
На пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама таксама абмеркавалі работу прамысловых прадпрыемстваў Глыбоцкага раёна. У мясцовых перапрацоўчых заводаў слабая загрузка магутнасцей. Малако і мяса яны ў асноўным бяруць з гаспадарак раёна, але гэтага не хапае, таму пастаўляецца сыравіна яшчэ з Мінскай вобласці. Кіраўніцтву раёна даручана вырашаць гэту праблему, у тым ліку з прапрацоўкай паставак сыравіны з-за мяжы.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by