З першынства Маладзёжнага грамадскага аб'яднання таэквонда «Клуб Усяслаў» у версіі ITF лепельчане прывезлі дзве залатыя і дзве сярэбраныя медалі.
Мэтай спаборніцтваў арганізатары назвалі прапаганду, папулярызацыю і развіццё гэтага віду спорту ў рэспубліцы. Удзел прынялі 116 спартсменаў, членаў МГАА «Клуб Усяслаў», і запрошаныя арганізацыі, якія ўваходзяць у склад Беларускага грамадскага аб'яднання таэквонда.
Вызначыўся ўладальнік сіняга пояса Дзяніс Шнітко ў вазе да 34 кг. — першае месца. Хлопец даўно займаецца ў секцыі Інны Паповай і імкліва ўдасканальвае баявое мастацтва. Улад Машара парадаваў трэнера залатым медалём у катэгорыі да 63 кг. Срэбныя медалі ў Мікіты Шаўро і Яўгена Агапонька.
З трынаццаццю медалямі вярнуліся лепельчане з Мінска, дзе праходзіў XII чэмпіянат і першынство РБ па таэквонда ITF. Не перашкодзілі перамогам нават госці з Латвіі, у якіх дастаткова моцная каманда.
Сярод пачаткоўцаў, у так званым баі з нябачным праціўнікам, заваявалі першыя месцы Яўген Агапонька і Аліна Аўферэнок. У спарынгах не было роўных Івану Жуку, які выступае ў катэгорыі звыш 22 кг., і Паўлу Сушку ў вазе 23 кг. Дастойна змагаліся і атрымалі другія месцы Мікіта Шаўро і Яўген Агапонька. Ягор Хацкевіч — на трэцім месцы.
Сярод працягваючых спартсменаў, то ёсць тых, хто займаецца больш за год, у баі з нябачным праціўнікам золата ўзяў Сяргей Крывіцкі. У спарынгах у Аляксандра Сямёнава і Ксеніі Галуза другія месцы. У няпростых схватках пабывалі Анастасія Тухто і Аляксандр Максімаў, якія атрымалі бронзу.
У традыцыйным спарынгу, сутнасць якога складаецца ў сінхронным і эфектным выкананні элементаў, лепельчанам прысудзілі трэцяе месца.
Яўгенія ЛЯХ
На здымку: Дзяніс Шнітко у спарынгу.
Фота аўтара